Беларуская «Лявоніха» гучала ў Гайнаўцы
2026-01-17
Гайнаўка — адзін з важнейшых цэнтраў беларускасці ў Польшчы, дзе пражывае беларуская меншасць, дзе захоўваюць і паважаюць беларускую культуру, мову і гісторыю.
Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка прывітаў выпускнікоў Гайнаўскага ліцэя з дадатковым навучаннем беларускай мовы падчас стаднёўкі 2026. Гэта польская традыцыя, якая адбываецца ва ўсіх ліцэях у Польшчы за 100 дзён да пачатку выпускных экзаменаў.
Вучні Беларускага ліцэя ў Гайнаўцы вывучаюць беларускую мову, гісторыю і культуру. Вучацца беларускім спевам і танцам. Традыцыйна ў польскіх ліцэях заўсёды ўсе выпускнікі танцуюць «Паланез» Міхаіла Клеафаса Агінскага, які быў створаны выбітным кампазітарам у Залессі, што на Смаргоншчыне Гродзенскай вобласці. Але ў Гайнаўскім ліцэі заўсёды выпускнікі абавязкова да славутага «Паланеза» далучаюць танец «Лявоніха».
У сваёй прамове як ганаровы госць урачыстасці Павел Латушка адзначыў, што дэмакратычная Беларусь і беларусы заўсёды будуць падтрымліваць беларускую меншасць у Польшчы, якая захоўвае беларускія традыцыі, карані ад стагоддзяў, ад прадзедаў спакон вякоў.
Таксама Павел Латушка адзначыў, што ўпершыню ў Гайнаўскім ліцэі з дадатковым навучаннем беларускай мовы ён прысутнічаў у якасці віцэ-консула Генеральнага консульства Беларусі ў Беластоку ў 1997 годзе. Пазней быў як амбасадар, як міністр культуры Беларусі. А сёння, як намеснік кіраўніцы Кабінета і абраны дэлегат Каардынацыйнай Рады, Павел Латушка адзначыў, што мае гонар прывітаць усіх беларусаў, якія шануюць беларускую традыцыю і культуру.
Таксама падкрэсліў, што, будучы амбасадарам, меў гонар ініцыяваць адкрыццё і адчыняць пагранічны пераход у Белавежскай пушчы «Пярэраў — Белавежа», які сёння зачынены, але спадзяецца, што ў кароткім часе наступіць той момант, калі беларусы і палякі змогуць без пагранічных пераходаў у агульным еўрапейскім доме наведваць адзін аднаго.
«Я – беларус і гэтым ганаруся.
Усім душу сваю магу адкрыць:
Ніколі і нідзе не адракуся,
Што беларусам жыў і буду жыць!»
Гэты верш выбітнага беларускага паэта Віктара Шведа, які нарадзіўся на Беласточчыне, прывёў падчас свайго выступу Павел Латушка, адзначыўшы, што вельмі важна памятаць пра сваю малую Радзіму, памятаць пра традыцыі, карані, гісторыю, культуру тых мясцін, дзе чалавек нарадзіўся.«Нас аб’ядноўвае агульнае — беларускасць. І беларускія дэмакратычныя сілы, Аб’яднаны Пераходны Кабінет заўсёды будуць падтрымліваць беларусаў у Польшчы», — адзначыў Павел Латушка.
У гэтым годзе 104 ліцэісты, якія вывучаюць беларускую мову і культуру, будуць здаваць экзамены ў ліцэі, у тым ліку і па беларускай мове. На наступны год усе, хто паступае ў Гайнаўскі ліцэй, не адмовіліся ад вывучэння беларускай мовы і культуры, што з’яўляецца прыкладам для нас усіх.«Як былы дыпламат, міністр культуры, а сёння прадстаўнік дэмакратычных сіл Беларусі, я заахвочваю ўсіх беларусаў, якія воляй лёсу апынуліся ў Польшчы, вывучаць традыцыі беларускай меншасці, якая пражывае ў Польшчы і захавала сваю любоў і пашану да беларускасці. Гэта крыніца нашага сённяшняга і нашай будучыні», — адзначыў Павел Латушка.
@BelarusCabinet




