Прэзентацыя новага беларускага календара: даты, якія нас вызначаюць
2026-01-16
Калі: 27 студзеня, 18.00
Дзе: Музей Вольнай Беларусі, ul. Foksal 11, Варшава
Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні запрашае журналістаў, актывістаў і зацікаўленых асоб на прэзентацыю новага беларускага календара – праекта, які прапануе паглядзець на год як на адлюстраванне нашай гісторыі, досведу і супольных сэнсаў.
Падчас сустрэчы Павел Баркоўскі, Прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні, распавядзе, чаму дэмакратычныя сілы наогул зацікавіліся ідэяй стварэння новага нацыянальнага календара і паспрабуе давесці, навошта беларусам сёння патрэбны новы погляд на звыклыя і нязвыклыя даты. Каляндар аб’ядноўвае памятныя дні, якія доўгі час заставаліся па-за ўвагай, і тыя, што з’явіліся ў найноўшы перыяд нашай гісторыі – у тым ліку пасля 2020 года.
Таксама ў дыскусіі на тэму нацыянльнага каляндару прымуць удзел Вячаслаў Барок, Аляксей Ластоўскі, Алена Ляшкевіч, Алесь Плотка, Ірына Сідорская, Наста Ільіна і іншыя.
Асобнае месца ў календары займаюць даты, звязаныя з культурнымі і духоўнымі традыцыямі, а таксама важныя міжнародныя падзеі, што ўплывалі і працягваюць уплываць на Беларусь і свет. Гэта спроба паказаць разнастайнасць досведаў і традыцый, якія на працягу стагоддзяў фармавалі беларускую прастору.
Загрузіць сабе каляндар ці проста паглядзець:
Складальнікі календара прапануюць задумацца над складанымі і дыскусійнымі пытаннямі: як мы называем і перажываем падзеі Другой сусветнай вайны, што для нас азначае перамога і памяць, калі і чаму мы адзначаем Дзень незалежнасці, і іншыя.
Падчас прэзентацыі вы не толькі можаце пазнаёміцца з праектам, але і далучыцца да адкрытай размовы, задаць пытанні і падзяліцца сваім поглядам.
Рэгістрацыя па спасылцы: https://forms.gle/iX65quxecavvAXtn9



