Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Працэдура разгляду пытанняў легалізацыі ў Польшчы вызваленых беларусаў будзе праведзена ў магчыма кароткія тэрміны

2026-01-14

Пытанні, звязаныя з легалізацыяй вызваленых 13 снежня палітвязняў, якія падалі дакументы на міжнародную абарону ў Польшчы, сталі галоўнай тэмай сустрэчы намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўніка НАУ Паўла Латушкі з кіраўніком Упраўлення па справах замежнікаў Польшчы Томашам Цытрыновічам.

У сустрэчы прынялі ўдзел юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, старшыня юрыдычнай камісіі Каардынацыйнай Рады Міхаіл Кірылюк, прадстаўніца Цэнтра Беларускай Салідарнасці Вольга Дабравольская, прадстаўніца ініцыятывы «Partyzantka».

Кіраўнік Упраўлення па справах замежнікаў Польшчы запэўніў, што польскі бок будзе прыкладаць усе намаганні для таго, каб у магчыма кароткія тэрміны, у межах дзейнага заканадаўства Польшчы, прымаць рашэнні аб легалізацыі на тэрыторыі Польшчы вызваленых палітвязняў па меры завяршэння ўсіх унутраных працэдур. Чакаецца, што рашэнні будуць прымацца ў бліжэйшыя месяцы.

Павел Латушка падзякаваў Упраўленню па справах замежнікаў, МУС, МЗС, Галоўнай камендатуры памежнай службы Польшчы за пазітыўны падыход да пытанняў легалізацыі дэпартаваных на тэрыторыю Польшчы грамадзян Беларусі.

Падчас сустрэчы Томаш Цытрыновіч адзначыў, што ва Упраўленні па справах замежнікаў распачата працэдура легалізацыі ў дачыненні да 79 вызваленых беларусаў, у дачыненні да 4 беларусаў працэдура будзе распачата ў найбліжэйшы час.

Асобна Павел Латушка і ўдзельнікі сустрэчы ініцыявалі абмеркаванне пытання праблематыкі адкрыцця разліковых рахункаў у камерцыйных банках Польшчы для беларусаў, якія знаходзяцца ў працэдуры легалізацыі і маюць на руках часовыя пасведчанні асобы іншаземца на тэрыторыі Польшчы. Павел Латушка звярнуў увагу, што Камісія фінансавага нагляду Польшчы дала вычарпальны адказ аб тым, што дадзены дакумент з’яўляецца падставай для адкрыцця разліковага рахунку. У сувязі са складанасцямі, якія захоўваюцца пры адкрыцці рахункаў, была дасягнута дамоўленасць аб атрыманні з боку Упраўлення па справах замежнікаў дадатковага пісьмовага пацверджання таго, што гэты дакумент з’яўляецца падставай для адкрыцця рахункаў, і далейшага выкарыстання пазіцый афіцыйных органаў Польшчы ў кантактах з камерцыйнымі банкамі для вырашэння існуючай сітуацыі.

Прадстаўнік Упраўлення па справах замежнікаў адзначыў, што яго ведамства падтрымлівае прапанову па павелічэнні тэрміну дзеяння праязнога дакумента для замежнікаў больш чым на адзін год. Павел Латушка і ўдзельнікі сустрэчы адзначылі, што рэалізацыя дадзенага падыходу значна спрасціла б вырашэнне сацыяльна-бытавых і іншых пытанняў для замежнікаў на тэрыторыі Польшчы, у тым ліку беларусаў, а таксама паменшыла б нагрузку на польскія органы, звязаную з неабходнасцю штогадовага пачатку працэдуры атрымання новага праязнога дакумента.

@CabinetBelarus

Main carousel image