Падтрымка вызваленых палітвязняў і выклікі перад беларускімі дэмакратычнымі сіламі — Павел Латушка
2026-01-13
Намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік НАУ Павел Латушка падчас выступлення на прэс-канферэнцыі 13 студзеня ў Варшаве расказаў пра зробленае і выклікі, звязаныя з дапамогай вызваленым палітычным зняволеным.
Падзяка міжнародным і нацыянальным партнёрам
Мы выказваем шчырую падзяку амерыканскаму боку за намаганні, якія прыкладаюць спецпасланнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Джон Коўл і Дзяржаўны дэпартамент ЗША ў пытаннях вызвалення палітычных зняволеных, — падкрэсліў Павел Латушка.
Палітык таксама адзначыў вялікую працу і салідарнасць беларусаў ды праваабарончых арганізацый і выказаў удзячнасць за падтрымку польскім уладам:
Дзякуючы сустрэчы з галоўным камендантам Памежнай службы Польшчы Роберту Баганю было дадзена адпаведнае даручэнне. Нам удалося на працягу двух тыдняў забяспечыць падачу 83 беларусамі заяў на міжнародную абарону ў розных гарадах Польшчы.
Асобная падзяка была выказана Украіне і Літве за аператыўную дапамогу дэпартаваным грамадзянам Беларусі.
Асноўныя выклікі
Павел Латушка звярнуў увагу на неабходнасць паскарэння працэдур легалізацыі:
Скарачэнне тэрмінаў разгляду нават на месяц-паўтара дазволіць арганізацыям дапамогі быць больш фінансава ўстойлівымі пры прыёме наступных груп вызваленых асоб.
Гэтае пытанне будзе абмяркоўвацца 14 студзеня з кіраўніком Упраўлення па справах замежнікаў Польшчы Томашам Цытрыновічам.
Сярод іншых задач — візавая падтрымка для сем’яў палітвязняў і падрыхтоўка інфармацыі для МЗС Польшчы з апісаннем праблемных пытанняў, якія патрабуюць дадатковага аналізу ў працэсе легалізацыі.
Прававая ацэнка
Абставіны прымусовай высылкі больш як 150 палітычных зняволеных з Беларусі — гэта публічнае сведчанне здзяйснення злачынстваў супраць чалавечнасці, — заявіў Павел Латушка.
Ён нагадаў, што Лукашэнка публічна прызнаў існаванне дзяржаўнай палітыкі па дэпартацыі «нелаяльных» грамадзян і адмове ў выдачы пашпартоў.
Лукашэнка мае права маўчаць, але ўсё, што ён скажа, будзе выкарыстана супраць яго судзе ў Гаазе, — дадаў намеснік кіраўніцы Кабінета, кіраўнік НАУ.
НАУ ужо 23 снежня 2025 года перадала матэрыялы па апошніх публічных заявах Лукашэнкі ў Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда, які пацвердзіў іх прыняцце.
Кабінет заўсёды будзе садзейнічаць у наладжванні кантактаў з урадавымі структурамі розных краін, каб максімальна лабіраваць інтарэсы вызваленых палітвязняў, дапамагаць у іх легалізацыі ў краінах знаходжання , — падкрэсліў Павел Латушка.
Палітык таксама адзначыў, што НАУ, нягледзячы на адсутнасць прамых фінансавых рэсурсаў, прадугледжаных на гэтыя мэты, гатова аказваць магчымую прававую, візавую і іншую дапамогу.
@CabinetBelarus




