Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Маргарыта Ворыхава: Закрытыя межы ствараюць у Беларусі асяроддзе, якое схіляе моладзь на бок рэжыму

2026-01-12

Прадстаўніца па моладзевай палітыцы і студэнцтве Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Маргарыта Ворыхава у эфіры Радыё «Рацыя» распавяла пра тэндэнцыі ў 2025 годзе для беларускай моладзі і чаканні ад 2026-га:

«Усе гэтыя тэндэнцыі — пра закрыццё межаў, пра тое, што немагчыма больш так лёгка паступіць ва ўніверсітэты Еўразвязу — ствараюць на тэрыторыі Беларусі асяроддзе для моладзі, якое ўсё ж такі скланяе моладзь на бок рэжыму.

Мы зараз заўважаем такую тэндэнцыю сярод менавіта падлеткаў ад 14 да 18 гадоў і крыху сталей расце нармалізацыя таго, што ёсць рэжым, таго, што ён робіць і якія ўмовы для жыцця стварае. Ужо няма пакалення 20-25 гадоў, якое адчула "адлігу" 2019-га года, мела магчымасць вандраваць і навучацца ў Еўразвязе. Гэты канэкт паміж Беларуссю і ЕС страчваецца».


Яна чакае, што рэжым у 2026 годзе яшчэ больш выдаткуе грошаў для ідэалагічнай апрацоўкі моладзі, але лічыць, што «моладзь можа хутка змяняць светапогляд, калі яны атрымаюць доступ да вандровак, культуры і магчымасцяў для працы, развіцця, гэта паверне беларусаў і беларусак да дэмакратычнага свету».

«У 2025 годзе мы стварылі фундамент, каб моладзь магла зафіксаваць свой доступ да адукацыі. Мы зафіксавалі фінансаванне на падтрымку адукацыі і ў 2026 годзе будзем пашыраць магчымасці для паступлення на бакалаўрыят і атрымання стыпендый, бо ўсё яшчэ ёсць рэпрэсаваная моладзь, якая з'язджае з Беларусі і патрабуе больш устойлівай падтрымкі. Гэта будзе адным з прыярытэтаў. Другі прыярытэт — дапамога моладзі ў замежжы ў пошуку працы», — назвала прыярытэты работы прадстаўніцтва АПК у 2026 годзе Ворыхава.

Яна плануе працаваць з бізнесамі, «каб яны стваралі праграмы для тых, у каго няма вялікага досведу працы». «Мы будзем працаваць, каб моладзь адчувала сябе больш устойліва. Усё вельмі нестабільна, вайна, абставіны, якія ставяць нас ва ўмовы, калі няма на каго абаперціся. Таму мы будзем старацца стаць апорай для беларускай моладзі і даць ім надзею на тое, што будучыня будзе больш-менш светлая і зразумелая», — падкрэсліла палітык.

@CabinetBelarus

Main carousel image