Вольга Зазулінская: Дзень правоў чалавека для беларусаў – не свята, а абавязак
2025-12-10
Прадстаўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Вольга Зазулінская ў Дзень правоў чалавека кажа, чаму гэтая дата важная для беларусаў:
«Дзень прав чалавека — гэта напамін пра базавыя каштоўнасці, на якіх трымаецца сучасны свет: годнасць, свабода, роўнасць, павага да кожнага чалавека. Для Беларусі гэты дзень мае асаблівае значэнне, бо мы сустракаем яго ў рэальнасці, дзе правы чалавека не з’яўляюцца гарантаванымі, а парушэнні сталі часткай штодзённасці.
Сёння ў нашай краіне працягваюцца сістэмныя рэпрэсіі. Больш за 1300 чалавек прызнаныя палітвязнямі. За кожнай лічбай — жыццё, сям’я, здароўе, страчаныя магчымасці, будучыня, якую знішчае гвалт. Тысячы сем’яў жывуць у няпэўнасці, дзеці растуць без бацькоў, людзі пазбаўленыя права на працу, адукацыю, свабоду перамяшчэння і элементарную чалавечую бяспеку.
У гэты дзень мы асабліва моцна павінны памятаць: правы чалавека — не абстрактная дэкларацыя і не палітычны лозунг. Гэта тое, што вызначае якасць жыцця кожнага беларуса і будучыню нашай краіны.
Мы абавязаныя працягваць працу, каб:
▪️кожны палітвязень быў вызвалены;
▪️ рэпрэсіі былі спыненыя;
▪️сем’і пераследаваных атрымлівалі абарону і падтрымку;
▪️ у Беларусі вярнуліся законнасць, справядлівасць і павага да чалавечай годнасці.
Беларусы ўжо шмат разоў даказвалі, што разумеюць каштоўнасць свабоды і годнасці не з кніг, а з уласнага досведу. Таму наш шлях — працягваць настойлівую і паслядоўную барацьбу за правы чалавека, за тых, хто сёння не можа гаварыць сам, і за краіну, дзе ніводзін чалавек не будзе пакараны за свае перакананні.
Пакуль у Беларусі ёсць хаця б адзін незаконна зняволены, адна сям’я, якая несправядліва праследуецца, ці дзесяць чалавек, якія баяцца сказаць праўду, — Дзень правоў чалавека застаецца не святам, а абавязкам. І мы будзем выконваць яго столькі, колькі спатрэбіцца».
@CabinetBelarus



