Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Павел Латушка: «Важна, каб Лукашэнка разумеў, што пазіцыя ЕС не зменіцца, пакуль ён не пойдзе на рэальныя змены ў сваёй палітыцы »

2025-12-10

«Нашая найважнейшая мэта — вызваленне ўсіх палітзняволеных з турмаў Лукашэнкі, але стратэгічнай мэтай з’яўляецца дэмакратычныя змены ў Беларусі», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, дэлегат Каардынацыйнай Рады Павел Латушка падчас сустрэчы ў Пасольстве Чэхіі ў Варшаве, прымеркаванай да Міжнароднага дня правоў чалавека.

У сустрэчы прынялі ўдзел прадстаўнікі беларускіх незалежных СМІ і пазаўрадавых арганізацый.

Павел Латушка паінфармаваў чэшскі бок пра сітуацыю з рэпрэсіямі, якія працягваюцца і не змяншаюцца ў Беларусі.

Палітык нагадаў, што на сённяшні дзень, паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна», у Беларусі 1217 палітзняволеных, а паводле звестак Dissidentby — 1273: Лукашэнка праводзіць перамовы з амерыканскім бокам, але адначасова падманвае амерыканцаў, фактычна вызваліўшы, дзякуючы намаганням амерыканскага боку, у чатыры разы менш палітвязняў, чым было прызнана пасля апошняга вызвалення 11 верасня 2025 года.

«Трэба вельмі ўважліва і рэалістычна глядзець на тое, што Лукашэнка не змяняе сваёй рэпрэсіўнай палітыкі», — адзначыў Павел Латушка.

Павел Латушка падкрэсліў важнасць пазіцыі ЕС, якую агучыла ў Брусэлі Вярхоўная прадстаўніца Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Кая Калас, што ЕС будзе працягваць падтрымліваць дэмакратычныя сілы Беларусі, адзначыўшы неабходнасць «ізаляваць, у тым ліку з дапамогай дадатковых санкцый, рэжым, які ўжо чатыры гады дапамагае Расіі весці агрэсіўную вайну супраць Украіны».

Намеснік кіраўніцы Кабінета звярнуўся з просьбай да чэшскага боку падтрымліваць пазіцыю Кабінета, што спачатку рэжым павінен пайсці на дыялог з беларускім грамадствам, дэмакратычнымі інстытутамі, пайсці на рэальныя змены ў сваёй палітыцы, а толькі пасля гэтага можа разлічваць на змены ў пазіцыі ЕС.

«Важна, каб Лукашэнка бачыў адзінства ў пазіцыі ЕС адносна яго злачыннага рэжыму і разумеў, што пазіцыя ЕС не зменіцца, пакуль рэжым не пойдзе на рэальныя змены ў сваёй ўнутранай рэпрэсіўнай і знешняй агрэсіўнай палітыкі»
, — падкрэсліў Павел Латушка.

Таксама прадстаўнік АПК паінфармаваў пасла і чэшскіх дыпламатаў пра дзейнасць Кабінета і Каардынацыйнай Рады, а таксама звярнуўся да прадстаўнікоў Чэхіі з просьбай пра падтрымку ўрада Чэхіі прыцягнення да адказнасці Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларускага народа.

Натхненнем для сустрэчы, якую дыпламатычныя прадстаўніцтвы Чэхіі ладзяць штогод, з'яўляецца ініцыятыва прэзідэнта Францыі Франсуа Мітэрана. 9 снежня 1988 года ён сустрэўся за сняданкам з прадстаўнікамі Хартыі 77 на чале з чэшскім дысідэнтам Вацлавам Гавелам (які пасля дэмакратычных змен стаў прэзідэнтам Чэхіі) у пасольстве Францыі ў Празе.

@CabinetBelarus

Main carousel image