Аліса Рыжычэнка: Стратэгія развіцця эканомікі Беларусі грунтуецца на трох асноўных пунктах — адукацыя, навука і тэхналогіі
2025-12-10
Рэформы павінны разглядацца як частка або механізм працэсу, які дазволіць правесці эканамічную трансфармацыю ў новай Беларусі, лічыць прадстаўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі па эканоміцы і фінансах рэформах Аліса Рыжычэнка.
У інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву «Позірк» Аліса Рыжычэнка распавяла пра сваю стратэгію развіцця эканомікі Беларусі ў перыяд дэмакратызацыі і посттранзітнага аднаўлення і на чым яна заснаваная:«Гэта стратэгічнае бачанне эканамічнага развіцця Беларусі ў будучыні пасля дэмакратызацыі. Гэта канцэптуальна новы фармат, таму што раней былі розныя напрацоўкі пакетаў і прапаноў рэформаў...
Дакумент грунтуецца на трох асноўных пунктах: адукацыя, навука і тэхналогіі. Лагічна пераймаць досвед краін, паспяховых менавіта ў гэтых галінах. У дадзеным выпадку гэта Эстонія, Ірландыя, Ізраіль, Сінгапур. Гэта краіны, якія сталі стартап-нацыямі, уклалі велізарныя інвестыцыі ў адукацыю, развіццё навукі і тэхналогій і атрымалі эканамічны эфект.
Вядома ж, вельмі важны і досвед Польшчы, бо яе эканоміка на сённяшні дзень мае найбольшыя тэмпы развіцця ў Еўропе. У прыватнасці, прывабны яе досвед у падаткаабкладанні».
Прадстаўніца па эканоміцы кажа, што ў новай Беларусі «вельмі важна правесці рэформу дзяржаўных закупак, каб выключыць карупцыю», рэформу дзяржпрадпрыемстваў, падатковую рэформу, лічбавізацыю дзяржорганаў, «укараненне ў заканадаўства еўрапейскіх стандартаў абароны правоў уласнасці, інвестыцый», а «рэалізацыя энергетычнай рэформы дазволіць паменшыць эканамічную залежнасць ад Расіі».«Такія рэформы дазволяць зэканоміць рэсурсы, якія можна будзе перанакіраваць ужо на рэформу адукацыі і навукі», — дадала Аліса Рыжычэнка.
@CabinetBelarus



