Павел Латушка паінфармаваў прадстаўнікоў Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў Савета Еўропы пра праблематыку легалізацыі беларусаў
2025-12-10
Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, член Каардынацыйнай Рады Павел Латушка сустрэўся з віцэ-прэзідэнткай Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Еўропы, дакладчыцай па дэмакратычнай Беларусі Сесіліяй Дальман Ээк. Размова адбылася ў рамках візіту спадарыні Ээк у Польшчу, мэта якога азнаёміцца з дзейнасцю інстытутаў беларускіх дэмсіл і выклікамі, з якімі сутыкаюцца беларусы за мяжой у кантэксце транснацыянальных рэпрэсій рэжыму.
Латушка прадставіў напрамкі дзейнасці АПК, у тым ліку ў частцы пазітыўных практык легалізацыі вялікай колькасці беларусаў у Польшчы і адвакатавання вырашэння праблемных пытанняў легалізацыі беларусаў.
Прадстаўнік Кабінета як кіраўнік беларускай часткі Рабочай групы пры МУС Польшчы распавёў пра асноўныя выклікі, з якімі сутыкаюцца беларусы ў гэтых пытаннях у кантэксце транснацыянальных рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі. Сярод іх працяглыя тэрміны разгляду заяў на дакументы, што прыводзіць да заканчэння тэрміну дзеяння пашпартоў падчас чакання рашэнняў, блакаванне банкаўскіх рахункаў, прымяненне Дублінскага рэгламенту і іншае.
Павел Латушка падкрэсліў, што беларусы, у адрозненні ад грамадзян іншых краін, якія знаходзяцца ў ЕС, не могуць разлічваць на абарону сваёй дзяржавы, якая не выдае і не працягвае тэрмін дзеяння пашпартоў. Гэта робіць становішча грамадзян Беларусі асабліва ўразлівым.
Прадстаўнік АПК таксама праінфармаваў пра экстэрытарыяльны пераслед беларусаў, якія пражываюць на тэрыторыі Польшчы: пра сотні распачатых крымінальных спраў, мэтай якіх з’яўляецца пераслед беларусаў за мяжой, спробы вярбоўкі, шантажу праз пераслед сваякоў і блізкіх у Беларусі.
Палітык адзначыў важнасць прызнання з боку Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Еўропы і ПАРЕ дзейнасці прадстаўнічага органа беларусаў – Каардынацыйнай рады, якая мае свае афіцыйныя дэлегацыі ў гэтых міжнародных парламенцкіх арганізацыях. Такім чынам, беларускае грамадства мае свой легітымны голас на міжнародных платформах і ў міжнародных кантактах, адзначыў Павел Латушка.
Па выніках візіту віцэ-прэзідэнткі Кангрэса абагульненая інфармацыя пра дзейнасць дэмакратычных сіл Беларусі і асноўныя выклікі, з якімі сутыкаюцца беларусы за мяжой, будуць прадстаўленыя Кангрэсу мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Еўропы.
@CabinetBelarus



