Аліса Рыжычэнка прадставіла ў Варшаве Стратэгію эканамічнага развіцця Беларусі да 2035 года
2025-12-09
8 снежня ў Варшаве прадстаўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі па эканамічных рэформах Аліса Рыжычэнка прэзентавала доўгатэрміновую Стратэгію эканамічнага развіцця дэмакратычнай Беларусі да 2035 года.«У аснове нашай стратэгіі ляжыць ідэя тройнага прыярытэту: рэформа сістэмы адукацыі і навукі павінна ісці паралельна з паскораным тэхналагічным развіццём эканомікі. Гэтыя тры напрамкі ўзаемна ўмацоўваюць адзін аднаго і ствараюць сінергетычны эфект трансфармацыі», — заявіла Аліса Рыжычэнка.
Прадстаўніца па эканоміцы і фінансах падкрэсліла, што ў Беларусі няма значных прыродных рэсурсаў, але ёсць тое, што дазволіла квітнець Эстоніі, Ірландыі, Ізраілю і Сінгапуру:«У нас ёсць адукаваныя, таленавітыя людзі і здольнасць хутка адаптаваць сучасныя тэхналогіі. Менавіта спалучэнне чалавечага капіталу і тэхналагічнага прарыву павінна стаць фундаментам нашага будучага эканамічнага развіцця».
Паводле слоў Алісы Рыжычэнкі, сённяшняя сітуацыя крытычная: «Сістэма адукацыі дэградуе, навука знаходзіцца на мяжы калапсу, тэхналагічнае адставанне толькі нарастае». Аднак дэмакратычны пераход, па яе словах, адчыняе «унікальнае акно магчымасцей».
Стратэгія прадугледжвае тры паралельныя «трэкі»:
🔺Адукацыя: фінансаванне да 6–7% ВУП, радыкальнае павышэнне зарплат педагогаў, мадэрнізацыя праграм.
🔺Навука і інавацыі: стварэнне даследчых цэнтраў, інтэграцыя з універсітэтамі і бізнесам, выдаткі на R&D — 2–3% ВУП.
🔺Тэхналагічнае развіццё: поўная лічбавізацыя эканомікі, рост IT-сектара да 15% ВУП, развіццё высокатэхналагічных вытворчасцяў.«Да 2035 года Беларусь здольная дасягнуць ВУП на душу насельніцтва ў 28–32 тысячы долараў ЗША — гэта ў чатыры разы вышэй за цяперашні ўзровень. IT-сектар будзе складаць 15% ВУП замест 3%, высокатэхналагічны экспарт — 25% замест 3%, сярэдняя зарплата дасягне 2000–2500 долараў, а вытворчасць працы вырасце ўдвая», — падсумавала Аліса Рыжычэнка.
Прэзентацыя прайшла ў Варшаве з удзелам беларускіх экспертаў і палітыкаў, а таксама прадстаўнікоў міжнародных арганізацый. Частка удзельнікаў далучылася анлайн.
@CabinetBelarus





