На Кангрэсе Маладых Еўрапейскіх кансерватараў і рэфарматараў Павел Латушка заклікаў да салідарнасці з беларусамі
2025-11-29
У польскім Любліне 27-29 лістапада праходзіць Кангрэс маладых Еўрапейскіх кансерватараў і рэфарматараў. У ім прынялі ўдзел прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі і іншыя палітыкі. Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка прыняў удзел у панэльнай дыскусіі «Палякі на Усходзе: Еўрапейская салідарнасць на практыцы». У дыскусіі таксама ўдельнічала старшыня дэлегацыі па сувязях з Беларуссю еўрадэпутатка Малгажата Гасеўская.
Адказваючы на пытанне мадэратара, Павел Латушка адзначыў важнасць салідарнасці з беларускім народам праз неабыякавасць да сітуацыі ў Беларусі.
«Не будуйце мур для беларусаў, бо беларусы хочуць быць у Еўропе. Не забывайце пра тое, што Беларусь і беларускі народ — гістарычная частка Еўропы, а не частка Расіі.
Як прадстаўнік АПК я увесь час выступаю за тое, каб як мага мацнейшыя санкцыі былі на рэжым Лукашэнкі, бо дыктарар разумее толькі мову сілы. Але для беларусаў трэба адкрываць межы. Каб беларусы маглі наведваць Польшчу, ЕС, іншыя краіны», — адзначыў Павел Латушка падчас дыскусіі.
Паводле прадстаўніка АПК, «ваша бяспека таксама залежыць ад будучыні беларускага народа, і калі кажам, што "Беларускі балкон" цяпер вялікая пагроза для бяспекі Еўропы, Украіны, то трэба праактыўная стратэгія, каб змяніць сітуацыю ў Беларусі».«Нам трэба стратэгія, як зрабіць так, каб дэмакратычныя змены ў Беларусі надышлі. Гэта ад нас, ад беларусаў у пергую чаргу залежыць, за нас ніхто гэтага не зробіць, але без салідарнасці, без праактыўнай падтрымкі, гэтага дасягнуць будзе цяжка», — падкрэсліў палітык.
Павел Латушка дадаў, што Лукашэнка будзе заўсёды саюзнікам Расіі, таму ён не зменіць палітыку поўнай залежнасці краіны. Таму падтрымліваць трэба беларускі народ, бо толькі беларусы могуць быць гарантам незалежнасці краіны.
Намеснік кіраўніцы АПК падкрэсліў таксама важнасць інфармацыйнай салідарнасці праз падтрымку незалежных СМІ, блогераў, сацыяльных медыя ініцыятыў і палітыкаў, палітычнай салідарнасці праз падрымку альтэрнатыўных рэжыму дэмакратычных інстытутаў, прававой салідарнасці праз прыцягненне дыктатара да міжнароднай прававой адказнасці.
@CabinetBelarus





