Праблемы выплаты пенсій беларусам у Польшчы абмеркавалі ў Варшаве
2025-11-29
28 лістапада 2025 года ў Варшаве адбылася інфармацыйная сустрэча для грамадзян Беларусі, якія пражываюць у Польшчы, прысвечаная пытанням пенсій і сацыяльных выплат. Сустрэча была ініцыявана намеснікам кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Паўлам Латушкам і арганізавана Народным антыкрызісным упраўленнем сумесна з Міністэрствам сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі Польшчы і Установай сацыяльнага страхавання (ZUS).
На сустрэчу прыйшлі некалькі дзясяткаў зацікаўленых беларусаў, а ў чат-бот НАУ паступілі дзесяткі пытанняў ад тых, хто не змог прысутнічаць асабіста.
На пачатку сустрэчы Павел Латушка выказаў падзяку Міністэрству сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі, а таксама ZUS за арганізацыю дадзенай сустрэчы і дапамогу сацыяльна неабароненым грамадзянам Беларусі, якія пражываюць у Польшчы, а таксама гатоўнасць інфармаваць беларусаў аб дзеючым заканадаўстве Польшчы па пытаннях пенсійнага і сацыяльнага забеспячэння.
Даведачна: па дадзеных польскага боку, ужо зараз 146 тысяч беларусаў маюць часовыя віды на жыхарства ў Польшчы, яшчэ 60 тысяч - статус пастаяннага рэзідэнта. З іх 138 тысяч беларусаў плацяць узносы ZUS.
Перад удзельнікамі сустрэчы выступіў Томаш Шабліньскі, начальнік аддзела нагляду і абслугоўвання кліентаў Дэпартамента міжнародных льгот і страхавання ZUS, а таксама эксперты ZUS. У сваіх прэзентацыях і адказах на пытанні прадстаўнікі ZUS паінфармавалі:
- Каб прэтэндаваць на статус пенсіянера ў Польшчы, неабходна хаця б адзін раз заплаціць унёскі ў ZUS
- Нават калі чалавек атрымлівае беларускую пенсію, то польская прызначаецца пасля дасягнення пенсійнага ўзросту паводле польскага заканадаўства: 65 гадоў для мужчын і 60 гадоў для жанчын
- Толькі грамадзяне, якія пастаянна пражываюць у Польшчы, могуць прэтэндаваць на перавод беларускай пенсіі на польскі рахунак
- Пры пераводзе беларускай пенсіі ў Польшчу можна разлічваць на атрыманне мінімальнай польскай пенсіі пры наяўнасці агульнага мінімальнага стажу: для мужчын - 25 гадоў, для жанчын - 20 гадоў. На сенняшні дзень мінімальная пенсія ў Польшчы складае 1 879 злотых брутто (447 еўра)
- Ваенная пенсія не ахопліваецца двухбаковай беларуска-польскай дамовай і не можа пералічвацца ў Польшчу
- Для прызначэння пенсіі кожны беларус можа звярнуцца ў аддзяленне ZUS па месцы жыхарства, як па пытанню прызначэння польскай пенсіі, так і пераводу пенсіі з Беларусі пры ўмове пастаяннага пражывання на тэрыторыі Польшчы. Па пытанню пераводу пенсіі з Беларусі таксама беларусы могуць звяртацца непасрэдна ў першы аддзел ZUS у Лодзі, дзе знаходзіцца аддзел, які адказвае за рэалізацыю беларуска-польскай міжнароднай дамовы.
Павел Латушка праінфармаваў аб тым, што ў бліжэйшым часе плануецца пачатак працы адмысловага інфармацыйнага парталу на беларускай мове, прысвечанага важным пытанням пражывання грамадзян Беларусі ў Польшчы: сацыяльная падтрымка, легалізацыя, замена дакументаў, працаўладкаванне, праблемы адукацыі, аховы здароўя і шмат іншага. Асобны раздзел будзе прысвечаны пенсіям і іншым сацыяльным выплатам.
Падрабязны матэрыял з адказамі на актуальныя пытанні па выніках сустрэчы і прэзентацыяй ад ZUS будзе апублікаваны ў бліжэйшы час у сацсетках НАУ і Кабінета. Тыя пытанні, якія паступілі ў чат-бот НАУ у апошні момант, ужо перададзеныя спецыялістам ZUS, якія падтрыхтуюць на іх адказы. На рэсурсах НАУ таксама будзе размешчана прэзентацыя,падрыхтаваная ZUS, прысвечаная правілам атрымання пенсій і сацыяльных выплат на тэрыторыі Польшчы.
Фота Белсата.
@CabinetBelarus





