Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Беларусь — частка Еўрапейскага Цэнтра Салідарнасці, еўрапейскай салідарнасці

2025-11-26

«Калі прыязджаю ў Еўрапейскі Цэнтр Салідарнасці ў Гданьску, думаю пра Беларусь. Тут была Салідарнасць, тут была барацьба, тут быў пратэст і тут была перамога. Я думаю пра Беларусь. І хачу зараз сказаць: Беларусь не з'яўляецца чорнай дзіркай ці плямай на мапе Еўропы. Беларусь, якую прадстаўляе беларускі народ, — частка Еўрапейскага Цэнтра Салідарнасці, еўрапейскай салідарнасці», адзначыў намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, лаўрэат прэміі «Салідарнасць» імя Леха Валенсы Павел Латушка падчас афіцыйных мерапрыемстваў да 18-годдзя стварэння Еўрапейскага Цэнтра Салідарнасці на месцы славутай судаверфі.

Падчас мерапрыемства Павел Латушка ад імя Кабінета ўручыў Базылю Керскаму, дырэктару Цэнтра, узнагароду Аб’яднанага Пераходнага Кабінета медаль «За плённую працу на карысць Беларусі». Нагарода была ўручана ў сувязі з завяршэннем Базылем Керскім працы ў якасці дырэктара Еўрапейскага Цэнтра Салідарнасці.

Павел Латушка адзначыў, што Керскі з'яўляецца прадстаўніком сучаснай салідарнасці, які шмат зрабіў на карысць дэмакратычнай Беларусі і беларусаў, што жывуць у Польшчы: акцыі «Салідарныя з Беларуссю», Дзень годнасці, выстава «Жыве Беларусь» і Касцюшкаўскі Форум пад патранатам міністра замежных спраў Польшчы.

Таксама Павел Латушка перадаў былому дырэктару падарунак — беларускую кашулю. Сімвалічна ў прамове спалучыўшы з гісторыяй выступу ў Сопаце ў 1967 годзе аднаго з самых славутых польскіх спевакоў — Чэслава Немана, які нарадзіўся ў мясцовасці Васілішкі Гродзенскай вобласці. Падчас таго славутага выступу Чэслаў Неман быў апрануты ў беларускую кашулю.

«Я памятаю 1989 год, тое, што адбылося тады ў Гданьску. Мы думалі ў 90-я гады, што паўстае новая Еўропа. Дэмакратыяі і Салідарнасць пераможа. А потым адбыўся паварот у гісторыі нашай краіны. Потым барацьба многіх беларусаў і зноў беларускае паўстанне ў 2020 годзе, і зноў паварот. Хтосьці скажа, што мы прайгралі. Не. Я не згодны.

Мы не прайгралі, бо беларусы надалей змагаюцца. У турмах у Беларусі застаюцца тысячы палітычных зняволенных, кожны дзень — пра гэта, на жаль, не гаворыцца вельмі часта ў Еўропе — адбываюцца затрыманні, арышты, прысуды. Лукашэнка дэпартаваў прынамсі 600 тысяч беларусаў. Беларусы надалей змагаюцца»
, падкрэсліў Павел Латушка.

На цырымоніі ў Еўрапейскім Цэнтры Салідарнасці прысутнічалі былы прэзідэнт Польшчы Лех Валенса, маршалак Сейма Малгажата Кідава-Блоньска, міністарка культуры Марта Ценькоўска, ваявода Паморскага ваяводства Беата Руткевіч, маршалак Паморскага ваяводства Мечыслаў Струк, прэзідэнтка Гданьска Аляксандра Дулькевіч, амбасадары і дыпламаты, акрэдытаваныя ў Польшчы і ў Гданьску.

Падчас паездкі ў горад Гдыня Павел Латушка як былы амбасадар, як лаўрэат прэміі «Салідарнасць» імя Леха Валенсы і адзін з прадстаўнікоў дэмакратычных сіл Беларусі выступіў перад польскай грамадскасцю. Гэтае выступленне было арганізавана Інстытутам Леха Валенсы ў рамках спецыяльнай праграмы МЗС Польшчы для інфармавання польскай грамадскасці пра знешнюю палітыку і дыпламатыю. На выступленні прысутнічаў Богдан Валенса, сын Леха Валенсы. Гэта ўжо другая з сустрэч Паўла Латушкі, якія праходзяць пры падтрымцы МЗС Польшчы і Інстытута Леха Валенсы. Папярэдняя была ў Ольштыне з грамадскасцю горада.

@CabinetBelarus

Main carousel image