Беларусь — частка Еўрапейскага Цэнтра Салідарнасці, еўрапейскай салідарнасці
2025-11-26
«Калі прыязджаю ў Еўрапейскі Цэнтр Салідарнасці ў Гданьску, думаю пра Беларусь. Тут была Салідарнасць, тут была барацьба, тут быў пратэст і тут была перамога. Я думаю пра Беларусь. І хачу зараз сказаць: Беларусь не з'яўляецца чорнай дзіркай ці плямай на мапе Еўропы. Беларусь, якую прадстаўляе беларускі народ, — частка Еўрапейскага Цэнтра Салідарнасці, еўрапейскай салідарнасці», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, лаўрэат прэміі «Салідарнасць» імя Леха Валенсы Павел Латушка падчас афіцыйных мерапрыемстваў да 18-годдзя стварэння Еўрапейскага Цэнтра Салідарнасці на месцы славутай судаверфі.
Падчас мерапрыемства Павел Латушка ад імя Кабінета ўручыў Базылю Керскаму, дырэктару Цэнтра, узнагароду Аб’яднанага Пераходнага Кабінета — медаль «За плённую працу на карысць Беларусі». Нагарода была ўручана ў сувязі з завяршэннем Базылем Керскім працы ў якасці дырэктара Еўрапейскага Цэнтра Салідарнасці.
Павел Латушка адзначыў, што Керскі з'яўляецца прадстаўніком сучаснай салідарнасці, які шмат зрабіў на карысць дэмакратычнай Беларусі і беларусаў, што жывуць у Польшчы: акцыі «Салідарныя з Беларуссю», Дзень годнасці, выстава «Жыве Беларусь» і Касцюшкаўскі Форум пад патранатам міністра замежных спраў Польшчы.
Таксама Павел Латушка перадаў былому дырэктару падарунак — беларускую кашулю. Сімвалічна ў прамове спалучыўшы з гісторыяй выступу ў Сопаце ў 1967 годзе аднаго з самых славутых польскіх спевакоў — Чэслава Немана, які нарадзіўся ў мясцовасці Васілішкі Гродзенскай вобласці. Падчас таго славутага выступу Чэслаў Неман быў апрануты ў беларускую кашулю.
«Я памятаю 1989 год, тое, што адбылося тады ў Гданьску. Мы думалі ў 90-я гады, што паўстае новая Еўропа. Дэмакратыяі і Салідарнасць пераможа. А потым адбыўся паварот у гісторыі нашай краіны. Потым барацьба многіх беларусаў і зноў беларускае паўстанне ў 2020 годзе, і зноў паварот. Хтосьці скажа, што мы прайгралі. Не. Я не згодны.
Мы не прайгралі, бо беларусы надалей змагаюцца. У турмах у Беларусі застаюцца тысячы палітычных зняволенных, кожны дзень — пра гэта, на жаль, не гаворыцца вельмі часта ў Еўропе — адбываюцца затрыманні, арышты, прысуды. Лукашэнка дэпартаваў прынамсі 600 тысяч беларусаў. Беларусы надалей змагаюцца», — падкрэсліў Павел Латушка.
На цырымоніі ў Еўрапейскім Цэнтры Салідарнасці прысутнічалі былы прэзідэнт Польшчы Лех Валенса, маршалак Сейма Малгажата Кідава-Блоньска, міністарка культуры Марта Ценькоўска, ваявода Паморскага ваяводства Беата Руткевіч, маршалак Паморскага ваяводства Мечыслаў Струк, прэзідэнтка Гданьска Аляксандра Дулькевіч, амбасадары і дыпламаты, акрэдытаваныя ў Польшчы і ў Гданьску.
Падчас паездкі ў горад Гдыня Павел Латушка як былы амбасадар, як лаўрэат прэміі «Салідарнасць» імя Леха Валенсы і адзін з прадстаўнікоў дэмакратычных сіл Беларусі выступіў перад польскай грамадскасцю. Гэтае выступленне было арганізавана Інстытутам Леха Валенсы ў рамках спецыяльнай праграмы МЗС Польшчы для інфармавання польскай грамадскасці пра знешнюю палітыку і дыпламатыю. На выступленні прысутнічаў Богдан Валенса, сын Леха Валенсы. Гэта ўжо другая з сустрэч Паўла Латушкі, якія праходзяць пры падтрымцы МЗС Польшчы і Інстытута Леха Валенсы. Папярэдняя была ў Ольштыне з грамадскасцю горада.
@CabinetBelarus








