Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Каманда па гендарнай роўнасці АПК пачыне супрацу з Камітэтам FEMM Еўрапарламента

2025-11-24

Падчас Лідарскай праграмы адбылася сустрэча з дэпутаткай Еўрапарламента Абір Аль-Сахлані, намесніцай старшыні Камітэта развіцця (DEVE), чаліняй Камітэта па правах жанчын і гендарнай роўнасці (FEMM).

Вынікам стала дамоўленасць пра пачатак супрацоўніцтва паміж Камітэтам FEMM Еўрапейскага парламента і Камандай па гендарнай роўнасці АДКБ, а таксама аб правядзенні сумесных анлайн-сустрэч і мерапрыемстваў для беларускіх жанчын-палітыкаў і палітычных актывістак.

Удзельніцы абмеркавалі з Аль-Сахлані пытанні правоў жанчын і дзяўчынак, гендарнай роўнасці, складанасці, бар’еры і стэрэатыпы, з якімі яны сутыкаюцца ў грамадзянскім актывізме і палітыцы.

Таксама актывісткі падымалі праблемы, звязаныя з адсутнасцю ў Беларусі гендарнага і антыдыскрымінацыйнага заканадаўства, абмеркавалі законапраект супраць ЛГБТК+ супольнасці і чайлдфры, рэабілітацыю для жанчын-палітвязняў.

Актывісткі адзначылі, што для іх гэтая сустрэча была самай каштоўнай і натхняльнай ва ўсёй праграме.

«Шмат жанчын сыходзяць з палітыкі, таму што ім даводзіцца плаціць вельмі высокую асабістую цану. Напрыклад, у мяне трое дзяцей, і яны жывуць у маім родным горадзе Стакгольме, куды я прыязджаю з Бруселя на выходныя. Гэта значыць, чатыры дні я праводжу вымушана без іх. Але ў іх ёсць дом, дастатак і бяспека. А жанчыны-палітыкі з такіх краін, як ваша, плацяць сваю цану ўдвая і ўтрая большую, бо знаходзяцца пад пастаяннымі рэпрэсіямі і жывуць у выгнанні. Пры гэтым яны працуюць дзеля таго, каб усе людзі, асабліва ўразлівыя групы, мелі свабоду і дэмакратыю, мелі магчымасці і былі абаронены іх правы», — адзначыла на сустрэчы еўрадэпутатка.

Паводле яе, у гэтай сітуацыі асабліва важна, каб іншыя жанчыны падтрымлівалі жанчынаў-палітыкаў больш, а не крытыкавалі — «крытыкі ім хапае і ад іншых».

«Ведаю па сабе. І нам неабходна падтрымліваць адна адну, асабліва цяпер, таму што мы бачым, як па ўсёй Еўропе і ў свеце ў цэлым мацнеюць антыгендарныя, кансерватыўна-радыкальныя і аўтарытарныя настроі. Правы жанчын і гендарныя пытанні — першае, што трапляе пад атаку, калі да ўлады прыходзяць палітыкі з такімі поглядамі», — падкрэсліла Абір Аль-Сахлані.


«Мы пагадзіліся з Абір, што трэба больш уцягваць мужчын у кааліцыі разам з намі. Бывае, што ім не хапае дастаткова ведаў ці інфармацыі, але ёсць імкненне адстойваць гендарную роўнасць і падтрымліваць нас у тых феміністычных падыходах, якія мы прасоўваем. Акрамя таго, мужчыны ў большай ступені з’яўляюцца ролевымі мадэлямі для іншых мужчын і хлопчыкаў, таму могуць аказаць на іх большы ўплыў і перадаць свой вопыт. Гэта таксама важна ўлічваць і выкарыстоўваць у нашай дзейнасці», - распавяла падрабязнасці размовы намесніца прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Юлія Міцкевіч.

Паводле яе, ёсць дамоўленасць, што разам з еўрадэпутаткай, яе калегамі і калежанкамі беларускія актывісткі будуць працаваць, «каб прыцягнуць больш беларускіх мужчын-палітыкаў і лідараў грамадскай думкі для прасоўвання гендарнай павесткі».

@CabinetBelarus

Main carousel image