Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Заява Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі ў сувязі з актывізацыяй перамоваў па выпрацоўцы мірнага плана для Украіны і па выхаду з найглыбейшага ўнутрыпалітычнага крызісу ў Беларусі

2025-11-24

Аб'яднаны Пераходны Кабінет вітае актывізацыю перамоваў паміж Украінай, ЗША і Еўрапейскім саюзам па выпрацоўцы мірнага плана для Украіны.

Вітаючы намаганні ўсіх бакоў, адначасова мы падкрэсліваем важнасць адстойвання інтарэсаў Украіны, якая была падвергнута беспрэцэдэнтнай агрэсіі з боку Расіі пры саўдзеле рэжыму Лукашэнкі.

Аб'яднаны Пераходны Кабінет Беларусі звяртаецца да партнёраў у ЗША і Еўрапейскім саюзе аб важнасці выпрацоўкі адзінай пазіцыі адносна будучыні Рэспублікі Беларусь, дзе галоўнымі ўмовамі павінны быць захаванне незалежнасці, суверэнітэту Беларусі і правядзенне дэмакратычных пераўтварэнняў.

Мы звяртаемся да адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, да ўрадаў краін Еўрапейскага саюза, а таксама Вялікабрытаніі з прапановай аб правядзенні палітычнай канферэнцыі, прысвечанай вырашэнню глыбокага ўнутрыпалітычнага крызісу і спрыянню пачатку нацыянальнага дыялогу ў Беларусі, маючы на ўвазе тое, што беларускае грамадства знаходзіцца пад беспрэцэдэнтнымі, самымі маштабнымі ў гісторыі апошніх дзесяцігоддзяў Еўропы рэпрэсіямі, а таксама падвяргаецца беспрэцэдэнтнаму інфармацыйнаму, ідэалагічнаму, ваеннаму і палітычнаму ўплыву Расійскай Федэрацыі.

Лічым важным адзначыць, што зняццё санкцый з рэжыму Лукашэнкі павінна быць абумоўлена зменай унутранай рэпрэсіўнай і знешняй агрэсіўнай палітыкі рэжыму, а таксама пачаткам поўнамаштабнага дыялогу з беларускім грамадствам і дэмакратычнымі інстытутамі.

Аб'яднаны Пераходны Кабінет будзе праводзіць актыўныя кансультацыі з усімі зацікаўленымі бакамі для выхаду з глыбокага ўнутрыпалітычнага крызісу ў Беларусі.

Жыве Беларусь!

Заява прынята на пасяджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі
Варшава, 24 лістапада 2025 года


@BelarusCabinet

Main carousel image