Святлана Шаціліна: «Асноўны матыў, які штурхае беларусаў на абарону Украіны, — гэта абарона Беларусі»
2025-11-23
Кіраўніца Місіі дэмакратычных сіл Беларусі ў Кіеве Святлана Шаціліна распавяла ў эфіры KyivFM пра беларускіх добраахвотнікаў, іх матывы для абароны Украіны, небяспеку для іх сваякоў у Беларусі:«Калі мы гаворым пра беларускіх добраахвотнікаў, то асноўны матыў, які штурхае беларусаў на абарону Украіны, — гэта абарона Беларусі. Мы выразна разумеем, што без свабоднай, дэмакратычнай, незалежнай Украіны немагчымая свабодная, дэмакратычная, праеўрапейская Беларусь. І што асноўны чыннік, які штурхае беларусаў ісці ў добраахвотнікі, — гэта ідэалагічны чыннік.
Каля сотні беларусаў ужо загінулі. І калі любы беларус ідзе ваяваць за Украіну, ён аўтаматычна атрымлівае тэрмін як тэрарыст. Гэта першае.
І другое: трэба разумець, што ў Беларусі не адменена смяротнае пакаранне. І яго родныя, якія застаюцца ў Беларусі, аўтаматычна з'яўляюцца людзьмі, да якіх могуць прыйсці хлопцы з ведамства з трох літар.
І, нягледзячы на ўсё гэта, беларусы гэта робяць, і таму гэта тыя, кім мы ганарымся, тыя, хто дае нам магчымасць адчуваць сябе людзьмі.
Я бясконца ўдзячна кожнаму беларусу, кожнай маме, я сама як мама добраахвотніка, выразна разумею, што ты адчуваеш, як гэта энергетычна няпроста чакаць сына з вайны. Але я тут, у бяспечных умовах, а што адчувае мама, якая павінна быць там, у Беларусі, разумеючы, што ў любую хвіліну да яе могуць прыйсці?
Нізкі паклон, і хацелася б, каб украінскае грамадства вось менавіта гэта разумела, што для нас гэта небяспека ў кубе, напэўна».
Кіраўніца Місіі дэмсілаў Беларусі ў Кіеве дадала, што сёння ва Украіне «беларускі добраахвотнік адчувае сябе ані маральна, ані фінансава, ані заканадаўча неабароненым», «адчувае сябе ў ролі прасіцеля, а не ў ролі байца, які годна выконвае свой абавязак». Яна выказала спадзяванні, што заканадаўчы орган украінскай улады зменіць гэтую сітуацыю.
@CabinetBelarus



