Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Павел Латушка: «Мы павінны працягваць верыць і змагацца, і ў сэрцы насіць гэтыя словы „– Каго любіш? – Люблю Беларусь. – То ўзаемна”»

2025-11-22

«”– Каго любіш? – Люблю Беларусь. – То ўзаемна”, — гэта словы сапраўднага патрыёта. Постаці, якая залатымі літарамі ўпісана ў гісторыю беларускага народа. Постаці, якая яднае сёння шмат каго з беларусаў у веры ў тое, што мы здолеем вярнуць нашу Радзіму беларусам», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка падчас урачыстага адкрыцця інфармацыйнай шыльды, усталяванай у месцы нараджэння Кастуся Каліноўскага ў вёсцы Мастаўляны, гміне Міхалова, Беластоцкага павету.

«Гэта словы героя, які прадэманстраваў нам, што беларусы — сільныя, моцныя, што ў нашай гісторыі былі, ёсць і будуць героі. Такімі героямі для мяне, як для беларуса, з’яўляюцца дабраахвотнікі палка Каліноўскага, якія ўзялі гэтае імя як сімвал змагання за незалежнасць, свабоду нашай Радзімы, нашай Бацькаўшчыны», — падкрэсліў Павел Латушка.

Падчас свайго выступу Павел Латушка падзякаваў уладам Беластоцкага павета, гміны Міхалова і гміны Грудек, прадстаўнікі якіх прысутнічалі на ўрачыстасці, а таксама ўсім чальцам і чаліням ініцыятывы па мемарыялізацыі сядзібна-паркавага ансамбля Каліноўскіх у Мастаўлянах за вельмі важную працу па захаванні памяці аб нацыянальным героі Беларусі, які аб’ядноўвае нас, беларусаў, з Польшчай і Літвой.

«Мне таксама ўзгадваецца, што калі я працаваў міністрам культуры, я звярнуўся да дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея з просьбай размясціць у кабінеце міністра працу — і гэта быў твор, на якім была выява Кастуся Каліноўскага, які выступаў перад паўстанцамі.

Яна правісела ў кабінеце міністра культуры да апошняга дня маёй працы на гэтай пасадзе. Наступнага дня, калі ў кабінет прыйшоў новы міністр, ён сказаў яе прыбраць.

Чыноўнікі, якія сёння спрабуюць знішчыць памяць Кастуся Каліноўскага, апамятайцеся. Вы што, хочаце, каб на беларускай зямлі панавала Расія? Каб замест Беларусі, гэта быў суб’ект Расійскай Федэрацыі?

І як бы цяжка нам сёння не было, мы павінны працягваць верыць і змагацца, і ў сэрцы насіць гэтыя словы „– Каго любіш? – Люблю Беларусь. – То ўзаемна”», — адзначыў Павел Латушка.


@CabinetBelarus

Main carousel image