Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

У Беларусі памілаваны 31 грамадзянін Украіны. Каментар прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы АПК

2025-11-22

Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Вольга Зазулінская пракаментавала вызваленне ў Беларусі групы грамадзян Украіны.

Вольга Зазулінская:

«Вызваленне і перадача 31 грамадзяніна Украіны — падзея, якая стала магчымай дзякуючы міжнародным перамовам з ўдзелам ЗША. Гэты працэс нарадзіўся не раптоўна: на працягу апошніх гадоў дэмакратычныя сілы Беларусі, у тым ліку Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы, вялі паслядоўную адвакатыўную працу, даносілі свету інфармацыю пра палітвязняў, арганізоўвалі камунікацыю з партнёрамі і рыхтавалі глебу для такіх рашэнняў.

Мы пакуль не маем пацверджаных дадзеных, колькі сярод гэтых 31 чалавек з’яўляюцца палітычнымі зняволенымі. У любым выпадку, людзі знаходзіліся ў закладніках рэжыма, і добра што яны цяпер на шляху дадому. Кожнае вызваленае жыццё — гэта важны вынік і для чалавека, і для яго сям’і.

Разам з тым галоўнае застаецца нязменным: у Беларусі па-ранейшаму за кратамі каля 1300 палітвязняў — паводле дадзеных праваабаронцаў. І гэта толькі тыя, пра каго вядома. За кожным — страчаныя гады, разбураныя сем’і, траўмы і наступствы, якія не знікаюць пасля вызвалення.

Наша пазіцыя простая і прынцыповая:
- палітычныя рэпрэсіі павінны быць спыненыя;
- усе палітычныя зняволеныя павінны быць вызваленыя;
- вызваленне павінна адбывацца не выбарачна, а сістэмна і празрыста.

Мы працягваем працу з міжнароднымі партнёрамі, каб тэма палітвязняў заставалася на парадку дня, каб вызваленні не былі разавымі, і каб кожны наступны крок быў хутчэйшым, чым папярэдні.

Мы чакаем дня, калі на волю выйдуць усе. І прыкладаем намаганні, каб гэты дзень стаў рэальнасцю як мага хутчэй».

@CabinetBelarus

Main carousel image