Эва Копач: У Еўрапарламенце ў беларусаў ёсць сябры
2025-11-21
Еўрапейскі парламент — гэта тая інстытуцыя, дзе ў беларусаў, беларусак і тых, хто прадстаўляе іх інтарэсы, ёсць сябры і партнёры, заявіла віцэ-прэзідэнтка Еўрапарламента Эва Копач на сустрэчы з удзельніцамі Лідарскай праграмы
Паводле яе, і прэзідэнтка Еўрапарламента Рабэрта Міцола, і яна сама — блізкія саюзніцы кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Святланы Ціханоўскайі беларускіх дэмакратычных сілаў.«Большасць у Еўрапарламенце на вашым баку, спрабуюць трымаць фокус на Беларусі», — дадала Эва Копач.
Віцэ-прэзідэнтка Еўрапарламента ўпэўнена, што Беларусь будзе свабоднай і дэмакратычнай, і яна разумее, якую вялікую цану беларусы плацяць за працяг змагання.«Набліжаецца Раство, і я вельмі спадзяюся, што ў наступным годзе беларусы змогуць сустрэць яго дома. У доме, які належыць ім, а не тым людзям і не таму рэжыму, які гэты дом захапіў», — дадала палітык.
Удзельніцы праграмы казалі на сустрэчы пра падтрымку палітвязняў, у прыватнасці, жанчын-палітвязняў і пажылых людзей, былых палітвязняў, іх сацыялізацыю, а таксама падтрымку незалежных медыя і праваабаронцаў. У сваю чаргу віцэ-прэзідэнтка Еўрапарламента паабяцала, што яны будуць рабіць усё магчымае, каб гэтая дапамога не змяншалася.
Зараз адбываецца другая частка Лідарскай праграмы для беларускіх актывістак. Яна сумесна арганізавана Камандай па гендарнай роўнасці Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы АПКБ, Міністэрствам замежных спраў Швецыі, арганізацыяй International IDEA пры падтрымцы SIDA.
@CabinetBelarus






