Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Павел Латушка абмеркаваў у МЗС Літвы далейшую стратэгію па ўжыванні санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі

2025-11-21

«Мы прэзентавалі наша бачанне далейшай стратэгіі па ўжыванні санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі, у тым ліку абмеркавалі неабходнасць увядзення дадатковых прававых падстаў у межах ЕС, звязаных з гібрыднай агрэсіяй рэжыму супраць суседніх дзяржаў», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка па выніках сустрэчы з намесніцай міністра замежных спраў Літвы Аудрай Плепітэ. У сустрэчы прыняў удзел спікер Каардынацыйнай Рады Арцём Брухан.

Падчас сустрэчы Павел Латушка дэталёва праінфармаваў літоўскі бок аб прадаўжэнні працы, якую вядзе НАУ па пытаннях крымінальна-прававога пераследу прадстаўнікоў рэжыму ў межах Міжнароднага крымінальнага суда, садзейнічаючы разгляду адпаведнага звароту Урада Літвы ў МКС на падставе фактаў здзяйснення прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі злачынстваў супраць чалавечнасці.

Асобна Павел Латушка праінфармаваў аб працы па зборы доказаў для Спецыяльнага трыбунала па злачынстве агрэсіі супраць Украіны, а таксама выказаў падтрымку дзейнасці Літвы, якая падала заяву ў Міжнародны суд ААН супраць Беларусі за арганізацыю і заахвочванне незаконнай перапраўкі мігрантаў праз агульную мяжу.

Падчас сустрэчы бакі таксама абмеркавалі падтрымку прававой ініцыятывы НАУ для магчымага выкарыстання інструментаў АБСЕ.

Пры абмеркаванні пытання адкрыцця беларуска-літоўскіх памежных пераходаў, Павел Латушка адзначыў важнасць таго, што адкрытая мяжа дазволіць захаваць магчымасць для паездак беларусаў у Еўрапейскі саюз і падтрымліваць міжчалавечыя кантакты беларусаў з краінамі ЕС, адзначыўшы, што такім правам не змогуць скарыстацца ні Лукашэнка, ні прадстаўнікі яго рэжыму, якія знаходзяцца ў санкцыйных спісах ЕС.

Таксама падчас сустрэчы ўзаемна падкрэслена важнасць працягу ціску на рэжым Лукашэнкі за працяг унутраных рэпрэсій у Беларусі.

@CabinetBelarus

Main carousel image