Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Ціханоўская дамовілася з уладамі Кракава аб падтрымцы беларускай дыяспары

2025-11-19

Кіраўніца Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская падчас візіту ў Кракаў 17-18 лістапада правяла перамовы з мэрам горада Аляксандрам Мішальскім і старшынём гарадской рады Якубам Косекам. Абмеркавалі ключавыя праблемы беларускай супольнасці і магчымыя крокі для іх вырашэння.

Сярод асноўных тэм:
- спрошчаны доступ да легалізацыі і гарадскіх паслуг;
- стварэнне беларускамоўных версій афіцыйных гарадскіх сайтаў;
- падтрымка фестывалю беларускай культуры і выдзяленне дадатковых памяшканняў для беларускіх арганізацый;
- усталяванне памятных шыльдаў у гістарычных месцах, звязаных з агульнай беларуска-польскай гісторыяй;
- падтрымка спартовых і асветніцкіх ініцыятыў, у т.л. аматарскага футбольнага клуба Polesie United.

Бакі дамовіліся аб наладжванні пастаяннага дыялогу паміж гарадскімі ўладамі і беларускімі арганізацыямі Кракава.

Святлана Ціханоўская прапанавала правесці сумесныя мерапрыемствы ў падтрымку зняволенага журналіста, лаўрэата прэміі Сахарава Анджэя Пачобута, а таксама арганізаваць выставу на базе гарадской рады.

«Дзякую Кракаву за салідарнасць і падтрымку беларусаў пасля 2020 года. Гэты горад стаў адным з галоўных цэнтраў рэлакцыі беларускіх ІТ-кампаній і грамадскіх ініцыятыў», — падкрэсліла Ціханоўская.

Паводле ацэнак, беларуская дыяспара ў Кракаве налічвае ад 10 да 15 тысяч чалавек — адна з буйнейшых у Польшчы.

Візіт адбыўся ў межах удзелу Святланы Ціханоўскай у міжнародным форуме Open Eyes Economy Summit.

@CabinetBelarus

Main carousel image