Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Пасол Даніі пацвердзіў далейшую падтрымку дэмакратычным інстытутам Беларусі

2025-11-17

«Удзячны, што Данія застаецца непахіснай у сваёй пазіцыі: рэальныя перамены ў Беларусі магчымыя толькі пры ўмове моцнага і паслядоўнага міжнароднага ціску на рэжым Лукашэнкі», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка па выніках сустрэчы з паслом Даніі ў Польшчы Якабам Хеннінгсэнам. У сустрэчы прыняў удзел спікер Каардынацыйнай Рады Арцём Брухан.

Падчас сустрэчы Павел Латушка перадаў паслу Даніі, якая цяпер старшынствуе ў ЕС, пазіцыю Кабінета, якая заключаецца ў тым, што так званыя «здзелкі», якіх жадае дыктатар, не павінны быць заключаныя, пакуль у Беларусі не будуць праведзены сапраўдныя палітычныя перамены ў інтарэсах беларускага грамадства.

Падчас сустрэчы былі таксама прадстаўлены звесткі пра працяг масавых палітычных рэпрэсій у Беларусі, пастаяннае павелічэнне колькасці палітвязняў, пераслед грамадзянскай супольнасці і прадстаўнікоў дэмакратычных сіл.

Асобна Павел Латушка падкрэсліў, што працягваецца весціся сістэмная праца для прыцягнення Лукашэнкі і яго хаўруснікаў да адказнасці за міжнародныя злачынствы, якія былі імі здзейсненыя:

акт агрэсіі супраць Украіны;
– ваеннае злачынства — дэпартацыя і індактрынацыя ўкраінскіх дзяцей;
– злачынствы супраць чалавечнасці супраць беларускага народа.


Падчас сустрэчы Павел Латушка перадаў паслу Даніі факты і дакументы, якія сведчаць пра пераслед беларусаў за мяжой, які здзяйсняе рэжым Лукашэнкі, што з’яўляецца транснацыянальнымі рэпрэсіямі. Таксама на сустрэчы абмяркоўвалася і падтрымка Даніяй ініцыятыў беларускіх дэмакратычных сіл у АБСЕ.

Пасол Даніі падзякаваў за прадстаўленую інфармацыю і пацвердзіў далейшую прынцыповую падтрымку дэмакратычным інстытутам Беларусі, а таксама беларускай дэмакратычнай супольнасці.

Павел Латушка працягвае кансультацыі з прадстаўнікамі краін ЕС. Сустрэчы ўжо адбыліся з прадстаўнікамі МЗС і пасламі Францыі, Германіі, Швецыі, Кіпра, Латвіі і Даніі.

@CabinetBelarus

Main carousel image