Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

У Бруселі стартуе другая частка Лідарскай праграмы для беларускіх актывістак

2025-11-17

Сёння ў Бруселі пачынаецца другая частка Лідарскай праграмы для беларускіх актывістак, якая арганізавана сумесна Камандай па гендарнай роўнасці Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы АПКБ, Міністэрствам замежных спраў Швецыі, арганізацыяй International IDEA пры падтрымцы SIDA.

Удзельніцы праграмы правядуць тыдзень у сталіцы еўрапейскай палітыкі. Яны сустрэнуцца з віцэ-прэзідэнткай Еўрапарламента Евай Копач, прадстаўнікамі Еўракамісіі, Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў і Пастаянных прадстаўніцтваў Швецыі, Польшчы і Літвы ў Еўрасаюзе, чалінямі ФЕМ Камітэта ЕП, еўрадэпутатамі і іншымі стэйкхолдэрамі, якія ўзначальваюць або працуюць у напрамках па сувязях з Беларуссю, краінамі Усходняга партнёрства і Усходняй Еўропы.

Намесніца прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Юлія Міцкевіч пракаментавала праграму:

«Гэта сапраўды цудоўная магчымасць для ўдзельніц праграмы. Яны змогуць пазнаёміцца з такой вялікай колькасцю еўрапейскіх дыпламатаў і палітыкаў за такі невялікі тэрмін і будуць мець магчымасць распавесці ім пра сваю дзейнасць у беларускай палітыцы, медыя, культуры, праваабароне, фемінізме, адукацыі і праваабароне.

Таксама ўдзельніцы праграмы змогуць абмеркаваць актуальныя геапалітычныя выклікі і тэндэнцыі ў адносінах Беларусь-ЕС, пытанні прасоўвання гендарнай роўнасці і правоў уразлівых груп у палітыцы Еўрасаюза; данесці свае мэсэджы як галасы тых мэтавых групаў, чые інтарэсы яны прадстаўляюць, да візаві з еўраструктур.

Гэты ўнікальны досвед для жанчын-лідарак з Беларусі не толькі будзе карысны ў іх далейшай працы, але і бясцэнны для "прапампоўкі" свайго лідарства, умацавання ўласных навыкаў і пашырэння магчымасцяў».


Акрамя таго, беларускі пройдуць навучанне таму, як адвакатаваць правы чалавека як скразную каштоўнасць, захоўваць ментальнае і эмацыйнае здароўе ў сучасным свеце, працуючы ў стрэсавых умовах, і як быць абароненай з пункту гледжання бяспекі ў лічбавай і анлайн камунікацыі.

Удзельніцы наведаюць Місію беларускіх дэмакратычных сіл і стануць ганаровымі гасцямі прыёму 20 лістапада з нагоды праграмы і адкрыцця ў Брусэлі выставы «Салідарнасць Польшчы з беларусамі». Там з вітальнымі словамі выступяць кіраўнік брусельскага Офіса дэмакратычных сіл Уладзімір Астапенка разам з прадстаўніцай АПК Юліяй Міцкевіч і дырэктар International IDEA Сам ван дер Стаак.

Юлія Міцкевіч адзначыла: «Хачу сказаць вялікі дзякуй свайму калегу спадару Астапенку за магчымасць для нашых лідарак пазнаёміцца з дзейнасцю Місіі і правесці ўсе нашы семінары і трэнінгі ў іх. Можна адзначыць прыклад выдатнага супрацоўніцтва паміж намі не толькі ў гэтым, але і ў сумесным прыёме з нагоды правядзення Лідарскай праграмы ў Брусэлі ў гэтыя дні адначасова з адкрыццём выставы польскай салідарнасці».​

@CabinetBelarus

Main carousel image