Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Аліса Рыжычэнка на Астрожскім форуме: Будучыня беларуска-ўкраінскіх эканамічных стасункаў залежыць ад адказнасці і еўраінтэграцыі

2025-11-16

Львоў – Кіеў, 2025. Прадстаўніца па эканоміцы і фінансах Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Аліса Рыжычэнка ўзяла ўдзел у экспертнай панэлі Форуму імя Астрожскіх, дзе абмеркавала ключавыя падыходы да будучых эканамічных адносін паміж Беларуссю і Украінай.

У ходзе дыскусіі былі вызначаны асноўныя ўмовы любых зменаў: прызнанне тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, павага да яе суверэнітэту і прызнанне адказнасці Беларусі за ўдзел у расійскім уварванні.

Аліса Рыжычэнка прадставіла некалькі сцэнарыяў развіцця сітуацыі і прааналізавала іх уплыў на патэнцыял супрацоўніцтва дзвюх краін. Яна падкрэсліла, што ў будучыні паміж Беларуссю і Украінай будзе існаваць як супрацоўніцтва, так і канкурэнцыя — за рынкі, тэхналогіі і рэсурсы, — таму неабходная адкрытая, дарослая і прадуманая палітыка добрасуседства.

Удзел у форуме стаў важнай магчымасцю для Аб’яднанага Пераходнага Кабінета абазначыць доўгатэрміновую пазіцыю: будучыня Беларусі — у адказнасці, дэмакратычных пераўтварэннях, еўрапейскай інтэграцыі і стварэнні прадказальных адносін з Украінай.

Аліса Рыжычэнка:
«Наша задача — выкарыстоўваць магчымасці Еўразвяза, не змяншаючы інтарэсаў нашай краіны. Мы можам быць кандыдатамі ў Еўразвяз на 5, 10 ці 15 гадоў і пры гэтым нічога не мяняць у сваёй краіне. І гэта не правільны шлях для нас. Я бачу, што мы маем два шляхі, і яны павінны быць паралельныя. Адзін шлях — развівацца разам з Украінай, Грузіяй і іншымі краінамі, якія знаходзяцца ў падобным становішчы, кааперавацца з гэтымі краінамі эканамічна, у тым ліку і палітычна, каб мець моцны голас у Еўразвязе. Другі — еўраінтэграцыя, інтэграцыя еўрапейскіх стандартаў, выкарыстанне магчымасцяў, у тым ліку інвестыцыйных і магчымасцяў падтрымкі.

Насамрэч, цяпер геапалітычная структура ў глабальным сэнсе змяняецца, і мы ідзём да развіцця штучнага інтэлекту, высокіх тэхналогій; абаронны комплекс выходзіць на першы план. На гэтым шляху будуць групы, якія, насамрэч, не будуць падрыхтаваныя да гэтых змен. Без падтрымкі Еўразвяза будзе вельмі цяжка захаваць гэтыя групы, каб яны не адсталі цалкам. Таму я лічу, што гэтыя шляхі павінны быць паралельнымі. Чым больш мы будзем ісці ў кааперацыі з іншымі краінамі, асабліва з Украінай, нашымі суседзямі, тым гучней будзе наш голас у Еўразвязе і тым больш магчымасцяў мы будзем атрымліваць.»


@CabinetBelarus

Main carousel image