Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Форум Астрожскіх-2025: Ад Львова да Кіева з фокусам на беларуска-ўкраінскія стасункі

2025-11-16

Дэлегацыя Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі па запрашэнні ўкраінскага боку прыняла ўдзел у Форуме імя Астрожскіх — штогадовай дыялогавай пляцоўцы паміж беларускімі і ўкраінскімі палітыкамі, грамадскімі актывістамі, бізнесменамі, навукоўцамі і даследчыкамі.

У гэтым годзе традыцыйны Форум Астрожскіх, арганізаваны для ўмацавання беларуска-ўкраінскага дыялогу, прайшоў у двух частках: экспертны форум у Львове і палітычна-аналітычная пляцоўка ў Кіеве. Паміж імі ўдзельнікі наведалі адноўлены ў 1994 годзе Нацыянальны ўніверсітэт «Астрожская акадэмія» – гістарычную ўстанову, заснаваную ў XVII стагоддзі як першую вышэйшую навучальную ўстанову Ўсходняй Еўропы.
На форуме абмеркавалі шырокі спектр тэм: супольныя наратывы гістарычнай памяці і стварэнне сумесных камісій па «дэмаркацыі» гісторыі, дэкаланізацыю савецкай і імперскай спадчыны, культурныя стасункі, медыяпалітыку, эканамічную супрацу, бяспеку, моладзевую палітыку, а таксама наладжванне кантактаў на палітычным і грамадскім узроўнях. Удзельнікі мелі магчымасць задаваць вострыя пытанні і прапаноўваць канкрэтныя рашэнні.

Наведванне Астрожскай акадэміі стала адным з ключавых момантаў. Установа, якая шмат гадоў заставалася толькі ў гістарычнай памяці, сёння з’яўляецца сучасным універсітэтам з высокім міжнародным рэйтынгам, лабараторыямі штучнага інтэлекту і робататэхнікі, інавацыйнымі адукацыйнымі праграмамі. Праект рэалізаваны дзякуючы энергіі рэктара, героя Украіны прафесара Ігара Пасечніка, і падтрымцы прыватных мецэнатаў, у тым ліку ўкраінскай дыяспары ў ЗША.

Прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Павел Баркоўскі: «Нягледзячы на чатыры гады інтэнсіўных кантактаў, беларуска-ўкраінскія стасункі ўсё яшчэ патрабуюць сур’ёзнай працы. Відавочная асіметрыя інфармаванасці: украінскае грамадства часта карыстаецца стэрэатыпамі пра беларусаў, мала ведае пра барацьбу за дэмакратыю ў Беларусі, гісторыю краіны і патрэбы яе дыяспары. Неабходны перагляд медыйнай палітыкі з абодвух бакоў, сістэмная культурная дыпламатыя і сумесныя адукацыйныя ініцыятывы, каб пазбавіцца ад “маскоўскіх акуляраў” у ўспрыманні гісторыі і культуры адзін аднаго. Прыклад Астрожскай акадэміі натхняе: грамадзянская супольнасць здольная рэалізаваць амбіцыйныя праекты. Гэта дае надзею на стварэнне Беларускага даследчага ўніверсітэта імя Астафея Валовіча – аналогічнага праекта, здольнага аб’яднаць традыцыі і інавацыі».


У працы форума з беларускага боку ўдзельнічалі намеснік кіраўніцы Кабінета, прадстаўнікі АПКБ па эканоміцы і фінансах, па абароне і нацыянальнай бяспецы, па нацыянальным адраджэнні, па сацыяльнай палітыцы, кіраўнік апарата. На форуме таксама былі прадстаўлены Офіс Святланы Ціханоўскай, Каардынацыйная Рада, беларускі грамадскі сектар, беларускія добраахвотнікі, якія ваююць на баку Украіны, бізнесоўцы, навукоўцы, даследчыкі, прадстаўнікі духавенства, СМІ.

@CabinetBelarus / Львоў – Астрог — Кіеў, 2025.

Main carousel image