Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Ніякіх здзелак з Лукашэнкам нельга заключаць, пакуль ён не пойдзе на рэальныя змены ў інтарэсах беларускага грамадства

2025-11-16

У працяг кансультацый, якія адбыліся 20 кастрычніка ў Канцылярыі федэральнага канцлера і МЗС Германіі, намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка правёў сустрэчу з паслом Германіі ў Польшчы Мігелем Бергерам.

Падчас сустрэчы Павел Латушка прадставіў пазіцыю Аб'яднанага Пераходнага Кабінета у кантэксце таго, што Лукашэнка заяўляе аб сваім жаданні заключыць «вялікую здзелку» з ЗША і Еўрапейскім саюзам. Павел Латушка адзначыў, што ніякіх так званых «здзелак» з Лукашэнкам нельга заключаць, пакуль ён не пойдзе на рэальныя ўнутрыпалітычныя змены ў інтарэсах беларускага грамадства.

Асобна кіраўнік НАУ праінфармаваў пасла Германіі пра дзейнасць, накіраваную на прыцягненне да адказнасці Лукашэнкі і яго хаўруснікаў за акт агрэсіі супраць Украіны, за ваеннае злачынства — дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей, за злачынствы супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларускага народа.

Таксама ў ходзе сустрэчы абмяркоўвалася пытанне падтрымкі Германіі беларускіх дэмакратычных сіл у АБСЕ, у рамках Групы сяброў дэмакратычнай Беларусі ў АБСЕ. Было адзначана, што Пастаяннае прадстаўніцтва Германіі пры АБСЕ з'яўляецца адным з двух членаў сакратарыята гэтай групы.

Асобна Павел Латушка прадставіў інфармацыю з доказамі і фактамі пра транснацыянальныя рэпрэсіі ў дачыненні да беларусаў, якія вымушана пражываюць за мяжой, з улікам створанай у МЗС Германіі рабочай групы па трансгранічных злачынствах і транснацыянальных рэпрэсіях.

Павел Латушка працягвае кансультацыі з прадстаўнікамі краін-членаў Еўрапейскага саюза. Ужо адбыліся сустрэчы з прадстаўнікамі МЗС і пасламі Францыі, Германіі, Швецыі, Кіпра, Латвіі. У бліжэйшы час запланавана сустрэча з паслом Даніі, краіны, якая ў цяперашні час старшынствуе ў ЕС.

@CabinetBelarus

Main carousel image