Важна, каб дыктатар разумеў адсутнасць перспектыў зніжэння санкцыйнага ціску ЕС без рэальных зменаў у Беларусі
2025-11-13
Важнасць стратэгічнай падтрымкі Украіны, якая змагаецца не толькі за сваю будучыню, але і за дэмакратычную будучыню краін усяго рэгіёну Еўропы, адзначылі падчас сустрэчы намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка і спецыяльны пасол МЗС Латвіі па пытаннях аднаўлення Украіны Юрыс Пойканс.
Юрыс Пойканс у ходзе сустрэчы праінфармаваў аб намаганнях Латвіі і іншых краін Еўрапейскага саюза, накіраваных на аднаўленне Украіны, перш за ўсё ў сферы энергетыкі.
У сваю чаргу Павел Латушка праінфармаваў прадстаўніка МЗС Латвіі аб маштабных рэпрэсіях у Беларусі, аб важнасці працягу палітыкі ціску на рэжым Лукашэнкі, які не спыняе ўнутраныя рэпрэсіі і знешнюю агрэсіўную палітыку.«Дыктатар і надалей павінен усведамляць адзіную і цвёрдую пазіцыю ЕС адносна адсутнасці перспектыў зніжэння санкцыйнага ціску без рэальных крокаў па вырашэнні глыбокага ўнутрыпалітычнага крызісу ў Беларусі», — адзначыў Павел Латушка.
У найбліжэйшы час запланаваны сустрэчы Паўла Латушкі са спецыяльнымі прадстаўнікамі МЗС Латвіі і Эстоніі, якія адказваюць за пытанні супрацоўніцтва з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, а таксама паслом Даніі, краіны, якая ў цяперашні час старшынствуе ў ЕС.
Гэтыя сустрэчы праходзяць у развіццё кансультацый, якія Павел Латушка правёў з прадстаўнікамі МЗС Францыі, Германіі, Швецыі, а таксама Кіпра, які будзе старшынстваваць у ЕС з 1 студзення 2026 года, а таксама з прадстаўнікамі Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў.
@CabinetBelarus



