Павел Латушка: «Веру, што незалежныя Беларусь і Польшча будуць у будучыні стратэгічнымі партнёрамі і саюзнікамі»
2025-11-11
«Польшча з'яўляецца стратэгічным саюзнікам дэмакратычнай Беларусі. Я ўдзячны Польшчы і палякам за вашу падтрымку ў нашай барацьбе за дэмакратыю і свабоду ў такі складаны гістарычны перыяд для беларускага народа і дзяржаўнасці», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка з нагоды Дня Незалежнасці Польшчы.
Сёння 11 лістапада па запрашэнні Прэзідэнта Рэспублікі Польшча Караля Наўроцкага Латушка прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі на плошчы маршалка Юзафа Пілсудскага, дзе каля магілы невядомага салдата адбылася змена ганаровай варты, парад і выступ кіраўніка Польшчы.
Увечары прадстаўнік АПК прыме ўдзел ва ўрачыстай сустрэчы ў прэзідэнцкім палацы ў Варшаве для кіраўніцтва Польшчы і дыпламатычнага корпусу.«Вялікі гонар прымаць удзел па запрашэнні Прэзідэнта Польшчы Караля Наўроцкага, як намесніку кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, дэлегату Каардынацыйнай Рады, абранай беларусамі, ва ўрачыстасцях з нагоды 107-й гадавіны аднаўлення незалежнасці Польшчы. Віншуючы Польшчу і палякаў, я хацеў бы падзякаваць за тую дапамогу, якую яны аказваюць нам, беларусам, у гэты цяжкі гістарычны момант для нашай дзяржавы і народа.
Я веру ў тое, што Польшча як сёння для дэмакратычнай Беларусі, так і заўтра для будучай незалежнай і вольнай Беларусі, будзе стратэгічным партнёрам. Я веру ў тое, што незалежная Беларусь, незалежная Польшча маюць вялікую будучыню ў супрацоўніцтве на карысць беларусаў і палякаў.
Тое, што за апошнія пяць гадоў зрабіла Польшча і польскае грамадства, будзе ўпісана залатымі літарамі ў гісторыю нашых народаў. Калі ўся машына тэрору Лукашэнкі абрынулася на беларусаў, менавіта Польшча стала адной з першых краін, якія адчынілі свае дзверы беларусам і прынялі сотні тысяч ахвяр палітычных рэпрэсій. Гэта жахлівы перыяд у нашай гісторыі, але ён увойдзе ў гісторыю будучых адносінаў паміж нашымі краінамі і стане адным з галоўных падмуркаў гэтай будучыні», — падкрэсліў Павел Латушка.
@CabinetBelarus




