У Варшаве пройдзе інфармацыйная сустрэча пра сацыяльную падтрымку і пенсіі для беларусаў у Польшчы
2025-11-07
Дамоўленасць пра гэтую сустрэчу атрымалася дасягнуць намесніку кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Паўлу Латушку і Народнаму антыкрызіснаму ўпраўленню з Міністэрствам сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі Польшчы і Установай сацыяльнага страхавання Польшчы.
Мерапрыемства пройдзе 28 лістапада у дзяржаўнай інспекцыі “Zakład Ubezpieczeń Społecznych” (ZUS) раёна Praga-Północ (вул. 11 Listopada, 15A, Варшава, пакой 300, 3-ці паверх). Дакладны час будзе абвешчаны пазней.
Мерапрыемства адбудзецца ў вочнай форме (з удзелам усіх жадаючых) і будзе запісана на відэа — як выступленні спецыялістаў, так і адказы на пытанні беларусаў. У далейшым відэа будзе размешчана на сацыяльных рэсурсах Паўла Латушкі, НАУ і АПК. Здымка будзе весціся з улікам патрабаванняў бяспекі, твары гасцей і іх галасы не будуць выкладацца ў адкрыты доступ.
Спецыялісты ZUS прадставяць прэзентацыю і адкажуць на вашы пытанні пра пенсійнае і сацыяльнае забеспячэнне ў Польшчы. Будзе забяспечаны пераклад.
У чат-бот НАУ — @nau_by_bot можна загадзя задаць свае пытанні, якія тычацца выплат пенсій, сацыяльнай дапамогі для дзяцей, людзей з інваліднасцю, сацыяльнай абароны іншых уразлівых груп беларускіх грамадзян у Польшчы.
Сустрэча будзе арганізавана прадстаўніцтвам АПК па транзіце ўлады ў межах узаемнай падтрымкі ў працы і ўзаемадзеянні з прадстаўніцтвам АПК па сацыяльнай палітыцы.
@CabinetBelarus



