Толькі праз моцны і паслядоўны ціск можна прымусіць рэжым Лукашэнкі да ўнутраных перамен
2025-11-07
Умовы выхаду Беларусі з палітычнага крызісу, падтрымка і легалізацыя былых беларускіх палітзняволеных на тэрыторыі Польшчы, а таксама супрацоўніцтва паміж Каардынацыйнай Радай і Сенатам Польшчы былі абмеркаваны падчас сустрэчы намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, дэлегата Каардынацыйнай Рады Паўла Латушкі і спікера Каардынацыйнай Рады Арцёма Брухана з сенатарам, намеснікам старшыні парламенцкай групы Сейма і Сената Польшчы «За свабодную Беларусь» Богданам Барусевічам. (У2005-2015 быў маршалкам Сената).
Падчас размовы Богдан Барусевіч як атыўны удзельнік дэмакратычных пераменаў Польшчы ў 1989 годзе падзяліўся досведам правядзення транзіту ўлады праз у тым ліку арганізацыю “круглага стала” ўладаў і апазіцыі.
Польскі сенатар адзначыў, што прытрымліваецца пазіцыі, што толькі праз моцны і паслядоўны ціск можна прымусіць рэжым Лукашэнкі да ўнутраных перамен. Павел Латушка адзначыў, што публічныя заклікі Лукашэнкі да “вялікай здзелкі” с ЗША і ЕС звязаны з моцным уплывам санкцый на гаспадарку рэжыма і з’яўляюцца цяжарам адказнасці за рэпрэсіі і агрэсію.
Асобнай тэмай сустрэчы стала падтрымка беларускіх палітзняволеных. Бакі абмеркавалі таксама пытанні легалізацыі палітзняволеных і іх сваякоў на тэрыторыі Польшчы.
Падчас сустрэчы былі ўзнятыя пытанні ўзаемадзеяння паміж Каардынацыйнай Радай і Сенатам Польшчы ў кантэксце прынятага Сенатам рашэння пра прызнанне абранай КР у якасці парламента ў эміграцыі.
@CabinetBelarus



