Аліса Рыжычэнка: «Прагнозы ўладаў ніколі не збываюцца»
2025-11-05
Прадстаўніца па эканоміцы і фінансах Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Аліса Рыжычэнка каментуе «Белсату», адкуль рэзкі рост даходаў беларусаў, агучаны Нацыянальным статыстычным камітэтам:
«Я бы хацела таксама задаць пытанне чыноўнікам, адкуль такія лічбы. Глядзячы па каментарах людзей у інтэрнэце, у розных сацыяльных сетках, па апытаннях, людзі не адчуваюць такога росту заробкаў.
На жаль, хутчэй за ўсё, заробкі падымаюць толькі на прадпрыемствах, дзе робяць нешта для расійскага ВПК і ёсць неабходнасць нарошчваць вытворчасць, ёсць для гэтага магчымасць.
А звычайныя прадпрыемствы, якія робяць цывільныя тавары для звычайнага ўнутранага спажывання ці для экспарту, там як былі заробкі па 1000-1500 рублёў у мінулым годзе, так яны і засталіся. А цэны пры гэтым імкліва растуць. Людзі адчуваюць, што пакупніцкая здольнасць іх даходаў зніжаецца.
Афіцыйная статыстыка, пра якую стала заяўляюць улады, на жаль, ніколі не адпавядала рэальнай сітуацыі ўнутры краіны. Канечне ж, трэба памятаць, што гэта сярэдняя тэмпература па лякарні. Нам разлічваюць даходы, уключаюць туды адпачынкавыя, прэміі і г.д., даходы ўсяго кіраўніцтва і ўсіх людзей, якія маюць даходы меншыя за агучаныя лічбы.
Па паказчыках па інфляцыі на наступны год яны прынамсі не спрабавалі схлусіць і заявілі, што яна будзе вышэй за рост даходаў. Гэта сапраўды будзе адпавядаць рэчаіснасці. Хоць мне падаецца, што інфляцыя будзе нашмат вышэй чым яны заяўляюць.
Ужо сёння яна вышэй за 7%, хаця яе спрабавалі ўтрымаць, а па паказчыках павінна была быць у межах 5% па выніках гэтага года. А ў нас яшчэ не наступіў сезон унутранага спажывання — навагоднія святы, пераднавагодні сезон — калі інфляцыя толькі расце.
Так што паглядзім з якімі лічбамі мы закончым гэты год. Але што тычыцца заробкаў — гэта толькі лічбы на паперы, якія ніколі і ніякім чынам не адпавядалі рэальнай сітуацыі.
Калі яны робяць такія прагнозы, трэба адзначаць, за кошт чаго яны збіраюцца дасягаць такіх паказчыкаў. Г.зн. акрамя таго, што рост будзе дасягнуты за кошт росту - росту інвестыцый, экспарту, даходаў — больш не ўказана нічога. А за кошт чаго будзе рост экспарту, даходаў насельніцтва, таксама не ўказана. Гэта фактычна, я стану багатым, таму што у мяне стане больш грошаў.
Гэта абсалютна нелагічна. Такія прагнозы носяць абсалютна дэкларацыйны характар, таму што яны ніколі не збываюцца. Няма дакладных механізмаў па дасягненню гэтых паказчыкаў. І ўстаноўка такіх паказчыкаў – гэта чыстае вяртанне ў Савецкі Саюз, толькі розніца ў тым, што СССР ужо больш за 30 год не існуе, а беларускія ўлады ўсё спрабуюць існаваць па тых жа прынцыпах.
Але цяпер увесь свет развіваецца зусім па-іншаму, наперадзе знаходзяцца высокатэхналагічныя эканомікі, якія выпускаюць канкурэнтаздольную прадукцыю, развіваюць прыватны бізнес, дзе ёсць заканадаўства, якое абараняе інвестыцыі.
У гэтым дакуменце пустая дэкларацыя, якая не мае пад сабой ніякіх дакладных механізмаў, якія прывядуць да выканання гэтых паказчыкаў. У канцы наступнага года мы пабачым, як чыноўнікі будуць апраўдвацца, магчыма, кагосьці пасадзяць, пакараюць, панізяць».
@CabinetBelarus



