Вольга Зазулінская: «Беларусы не маюць доступу да механізмаў міжнароднай абароны, даступных еўрапейцам»
2025-11-05
Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Вольга Зазулінская з нагоды 75-годдзя Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека каментуе важнасць таго, каб беларусы мелі ўсе механізмы для сваёй абароны:
«Падпісанная 75 гадоў таму ў Рыме Еўрапейская канвенцыя па правах чалавека — дакумент, які ў многіх краінах стаў асновай абароны чалавека ад несправядлівасці і злоўжыванняў улады.
Беларусь так і не далучылася да Канвенцыі, і гэта важна называць сваімі словамі: беларусы не маюць доступу да механізмаў міжнароднай абароны, даступных еўрапейцам.
Калі ў краіне суд не працуе як абарона, а як інструмент пакарання, чалавек застаецца сам-насам з сістэмай. Рэпрэсіі ў Беларусі пачаліся не ў 2020 годзе. Яны існавалі шмат гадоў і сталі часткай палітычнага кіравання.
Сёння мы вельмі выразна бачым наступствы:
▪️палітвязні, дзеці і бацькі, якія жывуць у пастаянным страху,
▪️вымушаная эміграцыя,
▪️пагрозы адбірання дзяцей,
▪️карная псіхіятрыя,
▪️сем'і, разарваныя на некалькі краінаў.
Людзі, якія абараняюць іншых — праваабаронцы, адвакаты, журналісты, валанцёры — часта робяць тое, што павінна рабіць дзяржава. І менавіта яны сёння з’яўляюцца асновай годнасці беларускага грамадства.
Для нас у Прадстаўніцтве па сацыяльнай палітыцы ўсё гэта не тэарэтычныя тэмы. Гэта канкрэтныя сям’і, імёны, гісторыі, людзі, якім мы дапамагаем штодзённа. Мы працягнем падтрымліваць тых, хто пацярпеў ад рэпрэсій, і працаваць над тым, каб у будучыні Беларусь вярнулася ў прастору, дзе правы чалавека — не словы, а практыка».
@CabinetBelarus



