У Вільні замацаваныя прынцыпы дапамогі беларускім добраахвотнікам ва Украіне
2025-11-03
Па выніках круглага стола пра дапамогу добраахвотнікам, які адбыўся ў Вільні, былі падпісаныя прынцыпы супольнай працы. Яны павінны стаць асновай каардынацыі і адказнай падтрымкі беларусаў, што абаранялі Украіну і бяспеку рэгіёна.
На сустрэчы ўдзельнічалі прадстаўнікі беларускіх і літоўскіх арганізацый, валанцёры, былыя і дзейныя добраахвотнікі, спецыялісты ў сферы псіхічнага здароўя і рэабілітацыі, а таксама прадстаўнікі палітычных структур. Асноўнай мэтай дыскусіі было вызначэнне актуальных патрэбаў тых, хто ваяваў за Украіну, і выпрацоўка сумесных падыходаў да іх падтрымкі.
Асноўныя праблемы і выклікі, агучаныя добраахвотнікамі:
▪️Вяртанне да мірнага жыцця. Удзельнікі адзначалі, што найбольш складаны этап пачынаецца пасля фронту — адчуванне ізаляцыі, маўчанне, недахоп разумення і падтрымкі з боку супольнасці.
▪️Праблемы з дакументамі і легалізацыяй. На круглым стале патлумачылі, што «многія цяпер знаходзяцца ва Украіне з пратэрмінаванымі або страчанымі дакументамі, што робіць амаль немагчымым выезд у краіны ЕС, вельмі складанай легалізацыю ва Украіне».
▪️Медыцынская і псіхалагічная рэабілітацыя, без якой застаюцца пасля звальнення з падраздзяленняў.
▪️Выплаты за раненне або гібель часта атрымліваць складана або немагчыма.
▪️Статус ветэрана, у краінах, дзе знаходзяцца беларусы.
▪️Псіхалагічныя рызыкі, бо без сістэмнай падтрымкі магчымыя глыбокія траўмы і крызісы, залежнасці, сацыяльная ізаляцыя, парушэнне сямейных і грамадскіх сувязяў.
Ключавое пытанне, паднятае на круглым стале, ці гатова беларуская супольнасць быць апорай для ветэранаў, аказваць сістэмную падтрымку, адвакатаваць інтарэсы перад дзяржавамі і донарамі.
Беларускія і літоўскія арганізацыі пацвердзілі гатоўнасць працягнуць працу і пашыраць сістэму дапамогі.«Для нас у Прадстаўніцтве па сацыяльнай палітыцы важна быць на такіх сустрэчах. Бо падтрымка беларускіх добраахвотнікаў гэта не пра «гераізацыю», а пра тое, што робіцца з чалавекам пасля вайны, як ён вяртаецца да жыцця і ці ёсць побач супольнасць. Каб дапамагаць адказна, трэба слухаць тых, хто прайшоў праз гэта сам», — адзначыла прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Вольга Зазулінская.
Паводле яе на круглым стале яны «пачулі жывыя гісторыі і дакладна зразумець, дзе зараз найбольшыя правалы ў дапамозе і што трэба рабіць разам».«Мы ўдзячныя арганізатарам за прастору, дзе можна гаварыць адкрыта і без страху. І працягнем працаваць, каб ніхто не заставаўся адзін», — дадала прадстаўніца АПК.
@CabinetBelarus



