Рэжым не выканаў больш за 220 рэкамендацый па пытаннях правоў чалавека ў Беларусі
2025-11-02
Сітуацыя з масавымі рэпрэсіямі ў Беларусі, ростам колькасці палітычных зняволеных, катаваннямі палітвязняў у беларускіх турмах, пераследам грамадзянскай супольнасці ў Беларусі былі абмеркаваны падчас сустрэч намесніка кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўніка НАУ Паўла Латушкі з прадстаўнікамі пастаянных місій краін-членаў ЕС, якія працуюць пры аддзяленні ААН у Жэневе.
Павел Латушка правёў сустрэчы з пастаяннымі прадстаўнікамі Літвы — Дарусам Станюлісам, Латвіі — Іварсам Пундурсам, намесніцамі пастаяннага прадстаўніка Швецыі — Кацяй Сольсбек, Францыі — Клэр Цюдэ — і прадстаўнікамі іншых пастаянных місій краін ЕС пры аддзяленні ААН у Жэневе.
Асобна падчас сустрэч была закранута тэма міжнародных механізмаў, якія могуць быць задзейнічаны для прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці за злачынствы супраць беларускага народа.
Павел Латушка прадставіў інфармацыю пра крокі, якія былі зроблены Народным антыкрызісным упраўленнем у гэтым кірунку. Таксама выказаў партнёрам свае чаканні наконт іх магчымай падтрымкі міжнародных механізмаў для дасягнення справядлівасці ў інтарэсах беларусаў — ахвяр рэпрэсій.
Асобна Павел Латушка спыніўся на так званай ідэі Лукашэнкі заключыць «вялікую здзелку» з ЗША і ЕС. Намеснік кіраўніцы Кабінета звярнуў увагу на тое, што Лукашэнка хоча дабіцца прызнання, а таксама хоча дабіцца зняцця санкцый.
Павел Латушка праінфармаваў пра агульную пазіцыю Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, якая заключаецца ў тым, што ніякія здзелкі з рэжымам Лукашэнкі немагчымыя. Лукашэнка павінен змяніць унутраную рэпрэсіўную і знешнюю агрэсіўную палітыку. Ён павінен заключыць умоўную здзелку з беларусамі, а гэта значыць — спыніць затрымліваць, арыштоўваць і асуджаць беларусаў па палітычна матываваных прысудах, дэкрыміналізаваць грамадска-палітычнае жыццё, спыніць экстэрытарыяльны пераслед беларусаў і гэтак далей.
Прадстаўнік Літвы адзначыў, што Літва і надалей будзе прасоўваць пытанне адказнасці Лукашэнкі і яго памагатых у Міжнародным крымінальным судзе. У сувязі з гэтым урад Літвы 30 верасня 2024 года перадаў у Офіс пракурора МКС дакументы для пачатку расследавання трансгранічных злачынстваў супраць чалавечнасці і надалей падтрымлівае неабходнасць распачаць расследаванне ў МКС. НАУ ў сваю чаргу ўзаемадзейнічае з адпаведнымі ўстановамі Літвы для прасоўвання пытання адказнасці Лукашэнкі.
Прадстаўніца Францыі падкрэсліла, што яе краіна не адмаўляецца і будзе працягваць палітыку санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі ў сувязі з пастаяннымі рэпрэсіямі, падтрымкай агрэсіі супраць Украіны і гібрыднай вайны супраць Еўрапейскага саюза. І тут пазіцыя Францыі застаецца паслядоўнай і цвёрдай.
З прадстаўнікамі Латвіі і Швецыі былі абмеркаваны пытанні магчымага далучэння гэтых краін да рэферала Літвы ў Міжнародным крымінальным судзе для таго, каб дасягнуць адказнасці.
Сустрэчы Паўла Латушкі ў Жэневе адбыліся напярэдадні пасяджэння Рабочай групы па Універсальным перыядычным аглядзе Савета па правах чалавека ААН, якое пройдзе ў бліжэйшы панядзелак, 3 лістапада. Падчас пасяджэння будзе разгледжана сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі.
Гэта ўжо чацвёрты агляд па Беларусі ў рамках гэтага механізма, апошняе пасяджэнне гэтай Рабочай групы па Беларусі адбылося ў 2020 годзе. Пасяджэнне будзе прымеркавана да таго, што рэжым Лукашэнкі на працягу апошніх пяці гадоў не спыняе рэпрэсіі, і ў Беларусі адбываецца татальная дэградацыя сістэмы правоў чалавека.
Згодна з справаздачай, падрыхтаванай кааліцыяй беларускіх праваабарончых арганізацый, з 266 рэкамендацый, дадзеных Беларусі па выніках трэцяга цыклу, рэжым цалкам выканаў толькі 2, а 226 не выканаў.
@CabinetBelarus




