Консульства Польшчы могуць выдаваць беларусам, якія маюць міжнародную абарону ў Польшчы, дакумент для палягчэння вяртання ў Польшчу
2025-10-31
Падчас апошняга пасяджэння працоўнай групы па пытаннях легалізацыі беларусаў пры Міністэрстве ўнутраных спраў Польшчы, якое адбылося 10 кастрычніка, беларускі бок, які ўзначальвае намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка, накіраваў запыт аб магчымай апецы консула Польшчы для беларусаў у трэціх краінах, якія маюць міжнародную абарону ў Польшчы.
Атрыманы адказ ад Упраўлення па справах замежнікаў Польшчы, у якім гаворыцца, што згодна з інфармацыяй з Міністэрства замежных спраў Польшчы, такая апека для грамадзян Беларусі магчымая.
Пры гэтым, як паведамляе МЗС Польшчы, польскія консульства маюць права дапамагаць беларусам «як у выпадку асоб, якія маюць у Польшчы статус уцекача ці дадатковую абарону. Дапамога абмяжоўваецца выдачай дакумента, які палягчае вяртанне замежніка ў Польшчу».
@CabinetBelarus



