Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Павел Латушка: Cамым важным элементам бяспекі для любой краіны з'яўляецца суседні народ, настроены да цябе пазітыўна

2025-10-30

«Забытая Беларусь — прайшло 5 гадоў пасля жорсткага падаўлення пратэстаў 2020 года, і, здаецца, што зноў пра Беларусь не кажуць не толькі як пра праблему, але і як пра рашэнне таго стратэгічнага крызісу, у якім цяпер знаходзіцца Еўропа», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка падчас Пазнаньскага эканамічнага кангрэса на панэльнай дыскусіі «Вайна і мір у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе».

У панэльнай дыскусіі таксама ўзялі ўдзел публіцыст, гісторык, аналітык Марэк Будзіш, старшы рэдактар інфармацыйнага сэрвісу «Bild» Юліян Рупке.

Павел Латушка адзначыў, што высокапастаўлены французскі дыпламат пад час адной з сустрэч заявіў, што ў 2020 годзе Еўропа зрабіла памылку, не зразумеўшы, наколькі важна было стратэгічна, праактыўна падтрымаць беларускі пратэст.

«Да чаго прывяла гэтая памылка? Наступствам стаў 2022 год. Таму што тады Лукашэнка прадаставіў тэрыторыю Беларусі для расійскай агрэсіі супраць Украіны. Калі б тады, у 2022 годзе, у Беларусі быў дэмакратычны ўрад, ці можна было б уявіць, што поўнамаштабная агрэсія пачалася б або мела б такія негатыўныя наступствы? Мой адказ — адназначна не», — заявіў Павел Латушка.

Намеснік кіраўніцы Кабінета адзначыў, што сёння «беларускі балкон», які знаходзіцца пад кантролем дыктатара, саюзніка Пуціна, уяўляе сабой найбольшую пагрозу як для Украіны, так і для самога ЕС, з'яўляючыся патэнцыйным ачагом наступнай напружанасці ў Еўропе.

«Расія распрацавала спецыяльную стратэгію, накіраваную на тое, каб беларусы змянілі свае погляды і адчулі сябе часткай "рускага свету". Расія актыўна працуе ў інфармацыйнай сферы. Уплыў Расіі на беларускую грамадскую свядомасць узмацняецца.

Аднак да гэтага часу 97% беларусаў хочуць жыць у незалежнай краіне.Што робіць Еўропа? Еўропа закрывае памежныя пераходы, не выдае візы беларусам. Я разумею, што еўрапейскія палітыкі клапоцяцца пра бяспеку сваіх краін. Але ў чым заключаецца бяспека?

Бяспека — гэта не толькі закрыць мяжу, пабудаваць сцяну і выставіць войска ля рубяжоў. Гэта натуральныя і важныя меры, калі побач знаходзіцца агрэсіўная дзяржава.Але самым важным элементам бяспекі для любой краіны з'яўляецца суседні народ, настроены да цябе пазітыўна.І вельмі важна працаваць над тым, каб беларусы працягвалі ставіцца да палякаў з павагай і сімпатыяй, каб расійская прапаганда, якая, у тым ліку, транслюецца рэжымам Лукашэнкі, не завалодала галовамі беларусаў.

Еўропа павінна выпрацаваць адзіную, паслядоўную палітыку ў дачыненні да Беларусі, калі яна сапраўды хоча мець дружалюбны беларускі народ», — заявіў Павел Латушка.

Таксама Павел Латушка падчас дыскусіі адзначыў узмацненне спробаў спецслужбаў рэжыму Лукашэнкі ўздзейнічаць на прадстаўнікоў дэмакратычных сіл, якія вымушана знаходзяцца за мяжой, распавёў пра структуру дэмакратычных сіл, адзначыўшы, што падтрымка альтэрнатыўных інстытутаў павінна быць адным з найважнейшых пунктаў стратэгіі ЕС у дачыненні да Беларусі.

@CabinetBelarus

Main carousel image