«Кадравы рэзерв» запускае анлайн-лекцыі пра дзяржаўнае кіраванне Германіі
2025-10-29
Кампанія «Кадравы Рэзерв для Новай Беларусі» разам з нямецкімі партнёрамі запускае цыкл анлайн-лекцый, прысвечаны таму, як на практыцы працуе шматузроўневая сістэма дзяржаўнага кіравання ў Германіі.
Лекцыі праводзяць нямецкія эксперты з вялікім практычным досведам у дзяржаўным сектары. Удзельнікі атрымаюць прыкладны аналіз механізмаў працы: ад бюджэтавання і размеркавання кампетэнцыяў да міжузроўневай каардынацыі – з акцэнтам на тое, якія элементы можна адаптаваць для беларускіх умоў.Юрый Губарэвіч, намеснік прадстаўніка па транзіце ўлады Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, каардынатар кампаніі «Кадравы рэзерв», кажа: «Гэты цыкл лекцый — унікальная магчымасць зразумець, як у адной з вядучых краін ЕЗ арганізавана балансаванне паўнамоцтваў, аўтаноміі і адказнасці. Гэта дазваляе атрымаць практычныя веды, якія могуць быць карысныя пры планаванні беларускіх рэформаў».
Пасля завяршэння лекцый у першай палове 2026 года запланаваны адукацыйны візіт у Германію, які дазволіць паглыбіць атрыманыя веды і на ўласныя вочы пазнаёміцца з працай нямецкіх інстытутаў дзяржаўнай улады.
Прыняць удзел у гэтай адукацыйнай праграме змогуць толькі ўдзельнікі кампаніі «Кадравы Рэзерв». Калі вы жадаеце далучыцца, запоўніце анкету на сайце.
@CabinetBelarus



