Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Павел Баркоўскі: «Ноч расстраляных паэтаў — найбольш сімвалічная памяць пра ахвяраў сталінскіх рэпрэсій»

2025-10-29

У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году ў сутарэньнях менскай унутранай турмы НКУС былі расстраляны больш за 100 выбітных дзеячоў культуры, мастацтва і навукі, а таксама грамадскіх дзеячоў тагачаснай БССР. Пра «Ноч расстраляных паэтаў» кажа прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Павел Баркоўскі:

«Сёння, як ужо гэта сталася традыцыяй, мы адзначаем Ноч расстраляных паэтаў — найбольш сімвалічную памяць пра ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.

Безумоўна, сталінскі тэрор знішчаў не толькі беларускіх паэтаў або шырэй прадстаўнікоў культуры, на ягоным рахунку мільёны знішчаных прадстаўнікоў інтэлігенцыі, працоўных, служачых і сялян. Мільёны зламаных лёсаў, разарваных сем'яў.

Нягледзячы на адсутнасць афіцыйных ацэнак, злачыннасць сталінскага рэжыму наўпрост параўнальныя з гітлераўскім, як па памерах, так і па колькасці пацярпелых і ахвяраў. І вельмі кепска, што Беларусь дасюль не правяла працэсу комплекснай ацэнкі і асуджэння злачынстваў камуністычнай эпохі супраць нашага народа і асобных людзей.

Тым не менш, менавіта знішчэнне культурных і навуковых элітаў Беларусі застаецца адным з найгоршых злачынстваў сталінскіх часоў супраць нацыянальнай гісторыі і беларускага грамадства. Закатаваныя ў сталінскіх турмах і расстраляныя беларускія творцы і даследчыкі — гэта той моцны патэнцыял нацыі, які па загадзе савецкага тырана выразалі ў адну хвіліну, шмат у чым заклаўшы наступную гісторыю русіфікацыі і каланізацыі краіны.

На жаль, сёння каты Акрэсціна ці Воўчых ямаў амаль нічым не адрозніваюцца ад сваіх сталінскіх папярэднікаў: адсутнасць грамадскай рэфлексіі і пакаяння за тыя часы прыводзяць сёння да паўтарэння злачынстваў мінулага. Таму наша задача - несці гэтую памяць і далучацца па магчымасці да мерапрыемстваў, якія праходзяць у Ноч расстраляных паэтаў у розных гарадах свету (вялікая мапа тут). Апроч Беларусі, дзе гэта забаронена.

Але і ў нашай краіне можна ціха паставіць на стале свечку і прачытаць вершы загінуўшых у тую страшную ноч паэтаў – Алеся Дудара, Міхася Чарота, Тодара Кляшторнага, Валерыя Маракова ці Ізі Харыка. Гэта будзе хвілінай вашага грамадзянскага подзвігу і супраціву!»

@CabinetBelarus

Main carousel image