Пашырэнне стыпендыяльных праграм для беларусаў і стажыроўкі для чальцоў КР у Познані
2025-10-29
Пытанні падтрымкі беларускіх студэнтаў, якія навучаюцца ў Велікапольскім ваяводстве, і вырашэнне праблем беларускай дыяспары абмяркоўваліся падчас сустрэчы намесніка кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, дэлегата КР Паўла Латушкі з маршалкам Велікапольскага ваяводства Марэкам Вознякам, якая адбылася ў Познані.
У ходзе сустрэчы Павел Латушка звярнуўся з просьбай павялічыць колькасць стыпендый для падтрымкі беларускіх студэнтаў, якія былі вымушаны пакінуць тэрыторыю Беларусі праз рэпрэсіі. Намеснік кіраўніцы Кабінета падкрэсліў, што па стане на 2023/2024 навучальны год у Познані навучаўся 1291 беларускі студэнт. Агулам у Польшчы навучаецца больш за 12200 беларускіх студэнтаў.
Павел Латушка адзначыў, што, нягледзячы на вымушаны ад'езд моладзі з Беларусі, спадзяецца, што веды, атрыманыя ў заходнееўрапейскіх універсітэтах, будуць выкарыстаны для аднаўлення краіны і развіцця эканомікі ў Новай Беларусі.
Маршалак выказаў гатоўнасць абмеркаваць пытанне магчымага павелічэння стыпендый для беларускіх студэнтаў з фінансавай падрымкай Маршалкоўскай управы з рэктарам Універсітэта імя Адама Міцкевіча.
Таксама Павел Латушка ініцыяваў правядзенне стажыровак для чальцоў Каардынацыйнай Рады па пытаннях функцыянавання мясцовых органаў улады. Марэк Возняк выказаў гатоўнасць разгледзець магчымасць прыняцця двух прадстаўнікоў дэмакратычных сіл у Беларусі на двухтыднёвую стажыроўку ў Маршалкоўскім ведамстве Велікапольскага ваяводства.
Падчас сустрэчы Павел Латушка звярнуўся з просьбай аказваць падтрымку беларускай дыяспары ў Познані ў правядзенні мерапрыемстваў, прысвечаных знакавым датам для беларускай незалежнасці — 25 Сакавіка і 9 Жніўня. Маршалак выказаў гатоўнасць садзейнічаць у правядзенні мерапрыемстваў з ўдзелам беларускай дыяспары, у тым ліку і ў памяшканнях Маршалкоўскага ведамства.
Намеснік кіраўніцы Кабінета таксама прадставіў інфармацыю пра сітуацыю з палітычнымі зняволенымі ў Беларусі, пра парушэнне правоў чалавека, асобна спыніўся на спробах Лукашэнкі заключыць «здзелку» з ЗША і Еўрапейскім саюзам без прыняцця істотных рашэнняў па змяненні ўнутранай рэпрэсіўнай палітыкі ў краіне.
Павел Латушка працягвае праводзіць сустрэчы з прадстаўнікамі рэгіянальных улад Польшчы для вырашэння пытанняў беларусаў, якія пражываюць у Польшчы. Так, за апошні час адбыліся сустрэчы з ваяводамі Паморскага, Падляшскага, Ніжнесілезскага і Вармінска-Мазурскага ваяводстваў.
@CabinetBelarus



