Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Ніякай «Вялікай здзелкі» з Лукашэнкам не павінна быць, пакуль не будзе заключана «Беларуская здзелка»

2025-10-28

«Без вырашэння ўнутрыбеларускага крызісу немагчымая ніякая “Вялікая здзелка”», — сказаў намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, чалец Каардынацыйнай Рады Павел Латушка, рэагуючы на заяву Лукашэнкі пра жаданне заключыць здзелку «ўсё на ўсё» з ЗША і Еўропай. Гэтую заяву Павел Латушка зрабіў на Познаньскім эканамічным кангрэсе.

«Важна не спыняць санкцыйный ціск. Таму што санкцыі працуюць. На жаль, яны не ўводзіліся хутка, але іх сукупны адкладзены эфект ужо дае пра сябе ведаць. І лепш за ўсё пра гэта раскажа сам Лукашэнка, які доўгі час спрабаваў адмаўляць эфектыўнасць накладзеных на яго рэжым санкцый, але ўжо не можа хаваць рэальныя праблемы ў эканоміцы і дзеянне санкцый.

Лукашэнка заяўляе, што хоча "Вялікую здзелку", але ў яго няма ніякай здзелкі для беларусаў. І калі ўжо гаварыць мовай здзелак — то не можа быць здзелкі без адказнасці і без законнасці. Як і без дамоўленасці з беларускім грамадствам і ўнутры яго не можа быць ніякіх знешніх здзелак.

Мы заклікаем нашых партнёраў — Польшчу, еўрапейскіх і амерыканскіх — заявіць прама і недвухсэнсоўна, каб гэты сігнал быў пачуты ў Мінску: Ніякай "Вялікай здзелкі" з Лукашэнкам не будзе, пакуль не будзе заключана "Беларуская здзелка".

Яна можа быць заключана ў фармаце "Круглага стала" і павінна ўключаць рэальнае, а не касметычнае змяненне цяперашняй палітыкі рэжыму. Мы павінны памятаць, што для гэтага неабходна:

— поўная адмова ад саўдзелу ў агрэсіі супраць Украіны і ад выкарыстання беларускай тэрыторыі для ваенных мэтаў Расіі.

— канчатковае ўрэгуляванне міграцыйнага крызісу і спыненне любой гібрыднай агрэсіі супраць Еўропы;

— неадкладнае і безумоўнае вызваленне ўсіх палітычных зняволеных, дэкрыміналізацыя грамадска-палітычнага жыцця ў Беларусі;

— пачатак інклюзіўнага дыялогу з удзелам дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці для запуску рэальных рэформаў.

Усе бакі любой здзелкі, якая ўключае Беларусь, павінны разумець: беларускія дэмакратычныя сілы і грамадзянская супольнасць з'яўляюцца суб'ектам, а не аб'ектам. Мы пастаянна падкрэсліваем: "Нічога пра нас без нас!"

Мы таксама заклікаем: калі Лукашэнка не пойдзе на поўную дээскалацыю і выкананне гэтых умоў, палітыка міжнароднай ізаляцыі і санкцыйны ціск на рэжым павінен захоўвацца і ўзмацняцца», — падкрэсліў на кангрэсе Павел Латушка.



@CabinetBelarus

Main carousel image