Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні АПК абвясціла месяц вяртання да сапраўднай гісторыі

2025-10-28

Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета заклікае далучыцца да грамадзянскай ініцыятывы «Сапраўдная гісторыя».

Мэта ініцыятывы — узмацніць гістарычную самасвядомасць і нацыянальную ідэнтычнасць беларусаў, а таксама падкрэсліць, што праўдзівая гісторыя — гэта аснова для разумення сябе, сваёй культуры і будучыні краіны.

Як адзначылі ў структуры АПК, «падставай для ініцыятывы стала чарговая хваля рэсаветызацыі ў адукацыі, у тым ліку з’яўленне новага падручніка па гісторыі Беларусі, які вяртае школьнікаў у савецкую інтэрпрэтацыю мінулага і супярэчыць прынцыпам аб’ектыўнай гістарычнай навукі».

Паводле прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Паўла Баркоўскага, такі падыход паглыбляе інфармацыйную ізаляцыю і вядзе да фарміравання ў маладых людзей скажонага ўяўлення пра ўласную краіну:

«Калі школа ператвараецца ў інструмент ідэалагічнай прапаганды, адказнасць за сапраўдныя веды пра гісторыю краіны становіцца справай саміх бацькоў і грамадства.

Гэта акцыя прысвечана таму, каб мы, як бацькі, якія рупяцца пра будучыню сваіх дзяцей, не хавалі галаву ў пясок і не дазвалялі дзяржаўнай прапагандзе прамываць ім галовы скажонай падробкай пад беларускую гісторыю, якую распавядаюць вуснамі каланізатараў. Таму кожны і кожная з нас можа зрабіць невялікія высілкі для таго, каб на сямейным узроўні падбаць пра ўласных дзяцей».


На працягу месяца вяртання да сапраўднай гісторыі прадстаўніцтва заклікае

📌 гаварыць з дзецьмі пра гісторыю Беларусі і яе месца ў Еўропе,
📌 паказаць ім надзейныя крыніцы інфармацыі пра беларускую гісторыю і культуру;
📌 паглядзець гістарычны відэаблог або паслухаць падкаст;
📌 пачытаць кнігі беларускіх аўтараў, якія папулярызуюць нацыянальную гісторыю, — Уладзіміра Караткевіча, Уладзіміра Арлова, Леаніда Дайнекі і іншых;
📌 абмеркаваць убачанае і пачутае.

Да канца лістапада ў тэлеграм-канале прадстаўніцтва @revivalbelarus будуць публікавацца тэматычныя матэрыялы пра сапраўдную гісторыю Беларусі. Таксама там заклікаюць дзяліцца сваімі гісторыямі ўдзелу ў акцыі ў сацсетках з хэштэгамі: #ВяртаемГісторыю #ViartajemHistoryju #СапраўднаяГісторыя #SapraŭdnajaHistoryja – далучацца да акцыі блогераў.

«Мы заклікаем бацькоў, настаўнікаў і ўсіх неабыякавых беларусаў вярнуць у штодзённае жыццё праўдзівую гісторыю — без міфаў і ідэалагічных скажэнняў. Менавіта яна вучыць нас быць свабоднымі, адказнымі і здольнымі думаць крытычна», — прапануе Павел Баркоўскі.


Палітык падкрэсліў, што гэта заклік да ўсіх неабыякавых беларусаў «пайсці насустрач ўласнай традыцыі і гісторыі», а таксама да медыя, блогераў і журналістаў — «парупіцца пра тое, каб нескажоная версія беларускай гісторыі прыходзіла ў кожны дом, і беларусы самі маглі прымаць рашэнне, які яны народ, не пад дыктоўку ўладных ідэолагаў і прапагандыстаў».

Акцыя разлічана на месяц, але можа быць працягнута.

@CabinetBelarus

Main carousel image