Аліса Рыжычэнка: «Нацбанк проста друкуе грошы»
2025-10-17
Прадстаўніца па эканоміцы і фінансах Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Аліса Рыжычэнка пракаментавала, за кошт чаго беларускія ўлады забяспечваюць рост заробкаў:
«На працягу апошніх двух гадоў заробкі беларусаў растуць імклівымі тэмпамі. Ужо сёлета рост рэальнай зарплаты склаў больш за 10%.
І на першы погляд можа падацца, што ў беларускай эканоміцы ўсё добра.
Але на самой справе — гэта не так.
Калі паглядзець на рост прадукцыйнасці працы, то з пачатку года яна павялічылася ўсяго на 1% (графік зарплаты / прадукцыйнасці працы).
Гэта азначае, што заробкі растуць не таму, што эканоміка стала больш эфектыўнай, а таму што прадпрыемствы вымушаны павышаць заробкі, каб утрымаць работнікаў.
Ва ўмовах дэфіцыту кадраў і росту інфляцыі прадпрыемствы павышаюць заробкі, часцей за ўсё за кошт крэдытаў або ўнутраных рэзерваў.
У выніку — растуць выдаткі. А цэны жорстка рэгулююцца. То бок бізнес працуе ў мінус.
Для эканомікі гэта азначае адно — разгон інфляцыі. Павышэнне заробкаў павялічвае ўнутраны попыт, але не суправаджаецца ростам вытворчасці.
Так, людзям цяпер здаецца, што яны сталі атрымліваць больш. Але важна разумець, за кошт чаго.
На канец 2024 года аб'ём дзяржаўных каштоўных папер у актывах Нацбанка складаў больш за 6,5 мільярда рублёў, а на канец 2021 года яны ацэньваліся ўсяго ў 600 мільёнаў. Гэта значыць рост больш чым у 10 разоў.
Што гэта азначае? Нацбанк проста друкуе грошы, але афармляе гэта як даўгі ўрада. Даўгі, якія, магчыма, ніхто і не верне.
Гэта пацвярджаюць і іншыя дадзеныя
З 2022 года грашовая маса павялічылася амаль у два разы: з 26 да больш чым 52 мільярдаў рублёў.
То бок дзяржава фінансуе рост заробкаў за кошт друкарскага станка. Гэта просты шлях да абясцэньвання беларускага рубля.
Мы ўжо праходзілі гэта. Кожны раз, калі ўлады бескантрольна друкуюць грошы, гэта заканчваецца дэвальвацыяй, ростам цэн і эканамічным спадам.
Сённяшні рост заробкаў — гэта не прыкмета эканамічнага цуду. Гэта мыльная бурбалка, раздзьмутая за кошт новых даўгоў і друкарскага станка, якая ў выніку можа прывесці да дэвальвацыі, росту цэн і банкруцтва прадпрыемстваў».
Боль па гэтай тэме – у відэа тут.
@CabinetBelarus
