Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Павел Латушка: «Расследаванне беларускай сітуацыі офісам пракурора Міжнароднага крымінальнага суда — абсалютны прыярытэт для нас»

2025-09-30

Год таму, 30 верасня 2024-га, урад Літвы перадаў у офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда (МКС) у Гаазе матэрыялы пра “трансгранічныя злачынствы супраць чалавечнасці, уключаючы дэпартацыю, пераслед і іншыя бесчалавечныя акты, учыненыя вышэйшымі службовымі асобамі рэжыму Лукашэнкі супраць сваіх грамадзян“.

У інтэрв’ю інтэрнэт-выданню «Позірк» намеснік кіраўніцы Кабінета і кіраўнік НАУ Павел Латушка распавядае пра прагрэс і перспектывы гэтай справы:

📌 «Роўна за год да гэтага, у 2023-м, Народнае антыкрызіснае ўпраўленне звярнулася да Міністэрства юстыцыі Літвы з просьбай рэалізаваць працэдуру па арт. 14 Рымскага статута і перадаць у Офіс пракурора МКС інфармацыю аб дэпартацыі грамадзянскага насельніцтва з Беларусі на тэрыторыю краін — удзельніц Рымскага статута, а таксама аб наступным экстэрытарыяльным пераследзе дэпартаваных.

Міністэрства юстыцыі адрэагавала станоўча. Былі запушчаныя неабходныя ўнутрыдзяржаўныя працэдуры, запрошаныя незалежныя міжнародныя эксперты. НАУ са свайго боку таксама надавала падтрымку.

Як вынік, 30 верасня 2024 года ўрад Літвы афіцыйна звярнуўся ў офіс пракурора МКС, перадаўшы сабраную інфармацыю.

У той жа дзень офіс адкрыў папярэдні разгляд сітуацыі ў Літве і Беларусі, а ўжо 2 кастрычніка прэзідыум МУС прызначыў Палату папярэдняй вытворчасці № 1 адказнай за нагляд і прыняцце працэсуальных рашэнняў па ўсіх далейшых этапах гэтай справы, уключаючы магчымую выдачу ордараў на арышт.

Папярэдні разгляд — першы і неабходны крок, у рамках якога пракуратура вызначыць, ці выкананыя крытэрыі для пачатку поўнага расследавання».

📌 «У МКС можна звярнуць увагу на досыць хуткую рэакцыю яго офіса па іншых сітуацыях. У прыватнасці, па Украіне расследаванне было распачатае ў дзень сумеснага звароту 38 дзяржаў.

Так, у “беларускай сітуацыі” рэакцыя пры прыняцці рашэння аб пераходзе да расследавання не настолькі маментальная, што выклікана яе складанасцю, у прыватнасці ў вызначэнні дакладных юрысдыкцыйных параметраў. Кантэкст транснацыянальных рэпрэсій як злачынстваў супраць чалавечнасці ў некаторай ступені з’яўляецца новым прэцэдэнтам. Такія абставіны заўсёды патрабуюць больш часу»

📌 «Сур’ёзныя рашэнні ў МКС прымаюцца напярэдадні Асамблеі дзяржаў — удзельніц Рымскага статута, якая штогод праводзіцца ў снежні»

📌 «Сёння гэта рэальная магчымасць прыцягнуць Лукашэнку і ягоных саўдзельнікаў да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці, учыненыя супраць беларусаў. Падтрымка Міжнароднага крымінальнага суда мае вырашальнае значэнне. Мы будзем рабіць усё магчымае, каб правы ўсіх беларусаў, якія сталі ахвярамі гэтых злачынстваў, былі адноўленыя»

@CabinetBelarus

Main carousel image