«Швецыя застаецца блізкім і стратэгічным партнёрам беларускага дэмакратычнага руху» — Юлія Міцкевіч
2025-09-30
У Стакгольме працягваецца лідарская праграма для беларускіх актывістак. Яе каардынуе і суправаджае намесніца прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, адказная за пытанні гендарнай роўнасці і ўразлівых груп, Юлія Міцкевіч.
У межах праграмы адбыліся сустрэчы з міністаркай замежных спраў Швецыі Марыяй Мальмер Стэнэргард і кіраўніком падраздзялення падтрымкі рэформ МЗС Швецыі Даніэлем Ёхансанам Архемам.
Абмяркоўваўся шырокі спектр тэм: падтрымка беларускіх палітзняволеных, узмацненне жаночага палітычнага лідарства, праблемы легалізацыі беларускіх уцякачак і ўцекачоў у Швецыі, а таксама фінансавая дапамога дэмакратычным сілам, медыя і грамадзянскай супольнасці.
Марыя Мальмер Стэнэргард адзначыла, што нягледзячы на скарачэнне міжнароднай гуманітарнай дапамогі, Швецыя застаецца найбуйнейшым донарым у Еўропе і захоўвае фокус на Усходняй Еўропе:«Мы разумеем важнасць і каштоўнасць вашай працы для дэмакратычных перамен у Беларусі, якую вы працягваеце весці ва ўмовах вялікіх цяжкасцяў. І асабліва актыўную ролю ў гэтым адыгрываюць жанчыны — такія, як вы, Святлана Ціханоўская і многія іншыя, хто займаецца палітыкай і грамадзянскім актывізмам».
Даніэль Ёхансан Архем падкрэсліў, што інвестыцыі Швецыі ў лідарства беларускіх жанчын — гэта інвестыцыі ў бяспеку не толькі Беларусі, але і ўсёй Еўропы:«Таму для шведскага МЗС вельмі важна прымаць вашу групу ў Стакгольме. Мы ўважліва сочым за сітуацыяй у Беларусі, асабліва ў дачыненні да палітвязняў, і дзякуем усім беларускім партнёрам за своечасовую і поўную інфармацыю. Швецыя з’яўляецца адным з галоўных донараў Міжнароднага гуманітарнага фонду і працягне адыгрываць гэтую актыўную ролю».
Юлія Міцкевіч падзялілася ўражаннямі ад сустрэч:«Швецыя застаецца блізкім, даверным і стратэгічным партнёрам беларускага дэмакратычнага руху ўжо шмат гадоў, задоўга да 2020-га. І гэта не залежыць ад змены ўрадаў. Гэта вялікі гонар, што міністарка замежных спраў Марыя Мальмер Стэнэргард сама выказала жаданне сустрэцца з нашай групай і знайшла час у вельмі насычаным графіку. Калі жанчына займае такі высокі пост у галоўным міністэрстве краіны — гэта сапраўдны прыклад і натхненне для беларускіх лідарак. Асабліва калі мы вывучаем шведскі досвед як краіны «перамогшага фемінізму» за дасягненні ў галіне гендарнай роўнасці. Менавіта ў Швецыі з’явілася першы ў свеце фемінісцкі ўрад і першая фемінісцкая знешняя палітыка».
@CabinetBelarus

