Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Як прайшоў візіт Святланы Ціханоўскай у Нью-Ёрк

2025-09-29

22–25 верасня кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская наведала Злучаныя Штаты Амерыкі з працоўным візітам. Галоўнай нагодай стаў удзел у «тыдні высокага ўзроўню» 80-й Генеральнай асамблеі ААН.

У межах візіту дэмакратычная лідарка правяла шэраг двухбаковых сустрэч з кіраўнікамі дзяржаў, урадаў і МЗС, у тым ліку з прэзідэнтам Еўрапейскай рады Антоніу Коштам, Вярхоўнай прадстаўніцай ЕС па замежных справах Каяй Калас, прэзідэнтамі Аўстрыі, Польшчы, Партугаліі, Славеніі, Чэхіі, Фінляндыі, прэм’ер-міністрамі Бельгіі і Нідэрландаў, а таксама кіраўнікамі МЗС Польшчы, Канады, Аўстрыі, Харватыі, Партугаліі, Ісландыі, Фінляндыі і Эстоніі. Асобна падчас сустрэчы з міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім былі абмеркаваныя пытанні адкрыцця мяжы, вызвалення палітвязняў і лёс Анджэя Пачобута.

Святлана Ціханоўская таксама сустрэлася са спецпрадстаўніком прэзідэнта ЗША Дональда Трампа па Украіне Кітам Келагам, кангрэсменам Джо Уілсанам і амбасадарам Літвы ў ЗША Гедымінасам Варвалісам. У цэнтры яе выступленняў і размоў была сітуацыя ў Беларусі, падтрымка палітвязняў і ўмацаванне суб’ектнасці беларускай нацыі на міжнароднай арэне.

Кіраўніца Кабінета прыняла ўдзел у шэрагу міжнародных мерапрыемстваў:

- у штогадовым WPL Future Positive Convening у межах Генасамблеі ААН, прысвечаным узмацненню ролі жанчын у палітыцы;
- у дыскусіі «На мяжы? Ці ў небяспецы свабода СМІ?» на саміце Concordia 2025;
- у цырымоніі ўзнагароджання Atlantic Council Global Citizen Awards, якая сабрала больш за 700 удзельнікаў;
- у спецыяльным сайд-івэнце па Беларусі і ў панэльнай дыскусіі «Voices of Belarus: Human Rights, International Advocacy, and the Future of Democracy».

Акрамя таго, Святлана Ціханоўская выступіла на цырымоніі ўручэння ўзнагароды для Максіма Знака ад Чэшскага цэнтра Вацлава Гавела ў Нью-Ёрку і прачытала «лекцыю Вацлава Гавела» ў Чыкага, якая сабрала больш за 300 удзельнікаў, а таксама сустрэлася з прадстаўнікамі беларускай дыяспары. Яна таксама дала інтэрв’ю міжнародным СМІ.

Візіт стаў важнай падзеяй для ўмацавання міжнароднай падтрымкі беларускага дэмакратычнага руху і адвакатавання інтарэсаў беларускай грамадзянскай супольнасці на найвышэйшым узроўні.

@CabinetBelarus

Main carousel image