Аліса Рыжычэнка: Беларуская салідарнасць уражвае маштабам, але галоўная праблема застаецца ранейшай
2025-09-28
Прадстаўніца па эканоміцы і фінансах Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Аліса Рыжычэнка па выніках сваёй працы на ІІ Кангрэсе па палітычных зняволеных у Беларусі #WithoutJustCause выказалася аб іх эканамічнай адаптацыі, існуючых выкліках і шляхах падтрымкі.«Сёння я знаходжуся ў Познані на другім кангрэсе палітзняволеных. Тут сабраліся дзясяткі арганізацый, якія падтрымліваюць палітычных зняволеных і іх сем’і. Іх праца разнастайная: ад юрыдычнай дапамогі да збору сродкаў на штодзённыя патрэбы.
Аднак, нягледзячы на неверагодную салідарнасць беларусаў, корань праблемы застаецца нязменным. Гэта рэжым Лукашэнкі, які працягвае рэпрэсіі супраць усіх, хто адважваецца мець свабоднае меркаванне і марыць пра лепшае жыццё ў сваёй краіне.
Пакуль у Беларусі захоўваецца дыктатура, паток палітычных зняволеных не спыніцца. Значыць, наша барацьба павінна быць накіравана не толькі на падтрымку пацярпелых, але і на ліквідацыю прычыны — спыненне рэпрэсій.
Як прадстаўніца па эканоміцы і фінансах у Аб’яднаным Пераходным Кабінеце, я лічу сваім прыярытэтам эканамічную адаптацыю палітзняволеных. Многія вымушана апынаюцца за мяжой без дакументаў, без плана і сродкаў да існавання. Ім патрэбна падтрымка для эканамічнай сацыялізацыі і інтэграцыі ў новых краінах.
Мы павінны распрацоўваць эфектыўныя праграмы дапамогі, якія дазволяць гэтым людзям аднавіць сваё жыццё і здабыць незалежнасць.
Пакуль не ўдасца спыніць рэпрэсіі, наша задача — падтрымліваць палітычных зняволеных і дапамагаць ім адаптавацца да новых умоў».
@CabinetBelarus
