Вольга Зазулінская: у вязніцах рэжыма па палітычных прычынах знаходзяцца значна больш за 1300 чалавек — усе павінны быць вызваленыя
2025-09-26
Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Вольга Зазулінская на ІІ Кангрэсе па палітвязнях у Беларусі расказала аб працы па іх вызваленні і падтрымцы і вызначыла галоўную мэту гжтай дзейнасці — вызваленне ўсіх асуджаных па палітычных прычынах.«У камунікацыі прадстаўнікоў прэзідэнта ЗША Дональда Трампа з прадстаўнікамі рэжыма Лукашэнкі была названа лічба палітвязняў, якія павінны быць вызвалены. Але значна больш людзей незаконна асуджаны рэжымам па палітычных прычынахі і знаходяцца за кратамі. 1300 — гэта толькі тыя, пра каго мы і праваабаронцы ведаем. Пра некаторых баяцца паведамляць іх блізкія, некаторых судзяць па эканамічных і іншых артыкулах, але ўсе яны знаходзяцца пад палітычным пераследам», — паведаміла Вольга Зазулінская.
Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы таксама заявіла: «Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца, яны не спыняліся падчас перамоў з удзелам амерыканскіх партнёраў. Штодня новыя і новыя затрыманыя. Рэжым хавае інфармацыю пра пераслед. Таму нам і нашым партнёрам трэба казаць пра вызваленне ўсіх асуджаных па палітычных прычынах і аб поўным спыненні рэпрэсій. Мы ўдзячны амерыканскай адміністрацыі і асабіста Дональду Трампу за іх уклад у вызваленне палітвязняў і кажам ім: не спыняйцеся, пакуль не будуць вызвалены ўсе!»
Вольга Зазулінская таксама расказала пра тое, што:
📌 У рамках стратэгічнага дыялогу ЗША і Беларусі працуе кааліцыя па пытаннях вызвалення палітвязняў.
📌 Прадстаўніцтва па сацпалітыцы адвакатуе вызваленне і дапамогу на ўсіх узроўнях і пляцоўках.
📌 На сустрэчах з партнёрамі абмеркозваюць патрэбы розных сацыяльных груп палітвязняў (людзі з хваробамі, розных прафесій, узросту і г.д).
📌 Прадстаўніцтва не акумулюе грошы, але заклікае партнёраў да пашырэння праграм дапамогі і выцягвання людзей з-за кратаў.
📌 Партнёры не могуць рэагаваць імгненна, арганізацыя дапамогі ўключае фармуляванне патрэб, перамовы аб выглядзе дапамогі, шляхах і інструментах яе размеркавання і рэалізацыі.
📌 Існуе патэнцыял да пашырэння дапамогі і падключэння новых краін-партнёраў; за вялікай групай у 52 палітвязні могуць быць і большыя, таму сродкі трэба сабраць зараней і больш хутка.
📌 Вялізную працу ажыцяўляе Міжнародны гуманітарны фонд, аднак яго інструменты не распаўсюджаюцца на некаторыя групы былых палітвязняў: напрыклад, былыя палітвязні ваююць ва Украіне, ім і іх сем’ям таксама патрэбна дапамога.
📌 Натхняе беларуская салідарнасць: падчас апошняга збору на Байсол беларусы ўдвая перакрылі заяўленую сумму, сабраўшы 111 тысяч еўра.
📌 Удзельнікам працэсу вызвалення трэба памятаць: рэжым трымае людзей у закладніках і манетызуе працэс, аднак палітвязні — гэта жывыя людзі з гісторыямі, жыццём і патрэбай у свабодзе, а не абстрактныя лічбы.
Вольга Зазулінская заклікала усіх ахвочых далучыцца да канцэрту 27 верасня ў Варшаве ў падтрымку палітвязняў і прадуктыўна папрацаваць у другі дзень Кангрэса 28 верасня, які пройдзе ў Познані.
@CabinetBelarus

