Парушэнні правоў чалавека ў Беларусі – у цэнтры увагі Еўрапейскага парламента
2025-09-26
25 верасня 2025 года ў Бруселі адбылося адмысловае пасяджэнне Камітэта па правах чалавека Еўрапейскага парламента, прысвечанае абмеркаванню тэмы «Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі праз 5 гадоў пасля сфальсіфікаваных выбараў 2020 года».
Членам Камітэта была даведзена актуальная інфармацыя аб працягу рэпрэсій беларусаў з боку нелегітымнага рэжыма і прадстаўлены даклад Групы незалежных экспертаў ААН па пытаннях прыцягнення да адказнасці за парушэнні правоў чалавека і іншыя злачынствы ў Беларусі.
У дыскусіі прыняў удзел прадстаўнік Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі па міжнароднаму і еўрапейскаму супрацоўніцтву Уладзімір Астаапенка, які, у прыватнасці, адзначыў:«Пасля выбараў 2020 года Лукашэнка вядзе вайну супраць народа, што прывяло да масавых рэпрэсій, больш за 1300 палітычных зняволеных і ліквідацыі амаль 2000 НДА. Беспакаранасць рэжыма прывяла да эскалацыі рэгіянальнай напружанасці – міграцыйнага крызіса, размяшчэння расійскай ядзернай зброі, закрыцця межаў».
Уладзімір Астапенка падтрымаў высновы і рэкамендацыі экспертаў ААН і заклікаў міжнародную супольнасць актывізаваць супрацоўніцства з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, якое з’яўляецца стратэгічнай інвестыцыяй у бяспеку і стабільнасць Еўропы.
Падчас дэбатаў члены Камітэта, прадстаўнікі ўсіх палітычных груп Еўрапейскага парламента, а таксама Еўрапейскай службы знешніх сувязей выказалі сваю салідарнасць з барацьбой беларускага народа за дэмакратыю, патрабавалі вызвалення ўсіх палітычных зняволенных, прыцягнення да адказнасці вінаватых ў злачынствах супраць беларусаў і запеўнілі ў нязменнасці сваёй палітыкі ціску ў адносінах да нелегітымнага рэжыму Лукашенкі.
@CabinetBelarus



