Аб выкарыстанні дакументаў часоў БССР/СССР падчас праходжання беларусамі адміністрацыйных працэдур у Польшчы
2025-09-24
«У адказ на Ваш ліст № 09-05/510 ад 12 жніўня 2025 г. паведамляю, што ліст Дэпартамента па грамадзянскіх справах Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі ад 28 ліпеня 2025 г. наконт дакументаў грамадзянскага стану, выдадзеных органамі былога Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, не ўводзіў новых патрабаванняў для грамадзян Беларусі», — гаворыцца ў адказе першай намесніцы Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы Магдалены Рагускай на зварот намесніка кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўніка НАУ Паўла Латушкі адносна інфармацыі пра непрыняцце польскімі органамі дакументаў, выдадзеных у часы БССР/СССР.
Раней, 12 жніўня Павел Латушка накіраваў зварот у МУС Польшчы з просьбай паўторна разгледзець указанні, згодна з якімі грамадзяне Беларусі, праходзячы адпаведныя адміністрацыйныя працэдуры ў польскіх дзяржаўных установах, павінны — замест дакументаў, выдадзеных у часы БССР/СССР — прадстаўляць дублікат такіх дакументаў, выдадзены сучаснымі беларускімі органамі з прастаўленым на іх апастылем.
Павел Латушка ў сваім звароце адзначыў, што ў адпаведнасці з указам дыктатара Лукашэнкі ад 4 верасня 2023 года № 278 атрыманне такіх дублікатаў і апастылю магчыма выключна пры асабістай прысутнасці на тэрыторыі Беларусі альбо на падставе даверанасці, аформленай на тэрыторыі Беларусі. Пры гэтым для большасці беларусаў вяртанне ў краіну можа пагражаць пазбаўленнем волі, бо яны былі вымушаны пакінуць тэрыторыю Беларусі з-за рэпрэсій рэжыму і створанай у краіне атмасферы страху і тэрору.
У сваім адказе першая намесніца міністра унутраных спраў Польшчы паведаміла, што ліст МУС Польшчы ад 28 ліпеня адносна дакументаў, выдадзеных у часы БССР/СССР, «насіў інфармацыйны характар і не змяняў агульныя, раней дзейныя правілы ацэнкі і аналізу прадстаўленых замежных дакументаў. У ім утрымлівалася інфармацыя, датычная, сярод іншага, дакументаў грамадзянскага стану, выдадзеных органамі былога Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік і Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, з улікам цяперашняй сітуацыі ў Беларусі, устаноўленай Міністэрствам замежных спраў Польшчы. Была прадстаўлена інфармацыя пра дакументы, з якімі могуць сутыкнуцца і якія могуць быць на практыцы прадстаўлены кіраўнікам аддзелаў запісу актаў грамадзянскага стану, а не пра тыя, якія з'яўляюцца адзіна/безумоўна неабходнымі для ажыццяўлення дзеянняў па рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану. У лісце Дэпартамент па грамадзянскіх справах прадставіў інфармацыю пра нагляд за рэгістрацыяй актаў грамадзянскага стану».
Адказваючы на зварот Паўла Латушкі, Магдалена Рагуска адзначыла, што «ў адказ на выказаныя нашаму ведамству сумневы і ўзніклыя непаразуменні ў сувязі з вышэйзгаданым лістом, Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі лістом ад 21 жніўня 2025 г. накіравала ваяводам дадатковыя тлумачэнні, каб удакладніць намеры ліста ад 28 ліпеня 2025 г.».
@CabinetBelarus
